Нашае мейсца 133 з 165 у «Індэксе чалавечай свабоды-2023»

«Індэкс чалавечай свабоды» ацэньвае ўзровень свабодаў у краінах сьвету. Сёлетні Індэкс ацэньвае становішча ў 185 краінах і юрысдыкцыях, якія ахопліваюць 98,8% насельніцтва плянэты.

human_freedom_index_2023.jpg

У штогадовым сусьветным «Індэксе чалавечай свабоды» Беларусь апынулася на 133 мейсцы, апусьціўшыся ў параўнаньні зь леташнім паказчыкам на сем пазыцыяў (у 2022-м была на 126 мейсцы).

133-е мейсца Беларусь падзяліла зь Нікарагуа, Марока і Конга, паведамляе «Радыё Свабода».

Як адзначаецца, у Беларусі пагоршылася становішча па ўсіх трох паказніках, паводле якіх вылічваецца рэйтынг — асабістая, грамадзянская і эканамічная свабода.

У суседніх краінах найвышэйшы паказьнік у Латвіі (15 мейсца), далей ідуць Літва (17), Польшча (47), Украіна (83) і Расея (121).

У дзесятку краінаў з найлепшымі паказьнікамі «Індэксу чалавечай свабоды» ўваходзяць Швайцарыя, Новая Зэляндыя, Данія, Ірляндыя, Эстонія, Швэцыя, Люксэмбург, Фінляндыя і Нарвэгія.

Найгоршая сытуацыя з правамі чалавека — у Сырыі, Емэне, Судане, М'янме, Іране, Вэнэсуэле, Эгіпце, Самалі, Саудаўскай Арабіі і Іраку.

«Індэкс чалавечай свабоды» ацэньвае ўзровень свабодаў у краінах сьвету і выпускаецца дасьледчым цэнтрам Інстытуту Катона (ЗША) сумесна з аналітычным цэнтрам інстытуту Фрэйзэра (Канада). Сёлетні Індэкс ацэньвае становішча ў 165 краінах і юрысдыкцыях, якія ахопліваюць 98,8% насельніцтва плянэты.

Індэкс вылічваецца паводле шэрагу паказнікаў (усяго 86), у тым ліку ўлічвае стан асабістых, грамадзянскіх і эканамічных свабодаў, сытуацыю зь бясьпекай, свабодай веравызнаньня, правамі на ўласнасьць і г.д.