Хронікі рэпрэсій. Паляванне на святароў, аблава ў Наваполацку
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 25 траўня.
У Баранавічах затрымалі кіроўцу птушкафабрыкі «Дружба» Аляксандра Яскевіча. Дакладная прычына затрымання высвятляецца. Вядома, што яго
раней затрымлівалі па палітычных матывах і прызначалі адміністрацыйны арышт.
У наваполацку затрымалі супрацоўнікаў прадпрыемства «Нафтан» Віктара
Кавалеўскага, Вадзіма Уласава, Валерыя Леснікова і Юрыя Гайчанку. У чым іх абвінавачваюць, не паведамляецца.
Таксама ў Наваполацку затрымана 77-гадовая Галіна Захаркіна. Жанчына — кандыдатка архітэктуры і былая загадчыца кафедры архітэктуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Стала вядома пра затрыманне ў Віцебскай вобласці трох святароў. У Полацку затрыманы
ўніяцкі святар Аляксандр Шаўцоў, у Мёрах — ксёндз Андрэй Кулік, у Мёрскім раёне (Ідолта) — ксёндз Вячаслаў Адамовіч, пробашч парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі, Якая Носіць Скапулярый.
Траіх удзельнікаў гурта «faceOFF» адправілі за краты. Былі затрыманы 26-гадовы Дзяніс Петух і 31-гадовы Дзмітрый Петух. Дома ў іх правялі ператрус і забралі тэхніку.
21 траўня, калі Дзяніс вяртаўся з Масквы, у яго на мяжы праверылі тэлефон, пасля чаго адпусцілі дадому. Раніцай наступнага дня сілавікі затрымалі яго ўжо разам з братам Дзмітрыем. Вядома, што братам прызначылі па 15 сутак арышту.
23 траўня быў затрыманы і гітарыст гурта Аляксей. Яго асудзілі да 13 сутак арышту.
У Мінску сілавікі затрымалі сям’ю, якая ў 2020 годзе ўдзельнічала ў мірных пратэстах: мужа, жонку і ейнага бацьку. Адзін з затрыманых — футбольны фанат. Вядома, што іх адвезлі ў Следчы камітэт, заведзена крымінальная справа.
Былога палітвязня Барыса Вітко, асуджанага да двух гадоў «хатняй хіміі», затрымалі ў межах новай крымінальнай справы. 68-гадовага мужчыну затрымлівалі на тэрыторыі яго прыватнай хаты супрацоўнікі АМАП у бронекамізэльках з драбавікамі. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэкса).
Нагадаем, 20 студзеня 2022 года суд Ляхавіцкага раёна прызнаў Вітко вінаватым паводле арт. 391 КК за абразлівы каментар у адносінах да баранавіцкага суддзі Мікалая Кміта. Сваёй віны Барыс не прызнаў.
Да палітвязня Уладзіміра Гундара часткова вярнуўся слых. Яму выклікалі ларынголага з паліклінікі. Пасля агляду і дапамогі лекара Уладзімір ідзе на папраўку.
З 29 красавіка па 6 траўня Гундара ўтрымлівалі ў карцары, дзе ён стаў дрэнна чуць у апошні дзень тэрміну. Пасля выхаду яго стала ліхаманіць у камеры, яму было вельмі холадна, балелі галава і вушы, ён перастаў чуць сукамернікаў і зразумеў, што аглух канчаткова.
Выкліканы лекар даў яму цытрамон і ібупрафен, абяцаў выклікаць лора. Аднак дагэтуль невядома, ці наведаў палітвязня спецыяліст.
Спагнанне Гундару было вынесена яшчэ ў пачатку красавіка за не так пакладзеную на шконку падушку. Але на працягу месяца яго туды не адпраўлялі з-за адсутнасці вольнага месца.