Хронікі рэпрэсій за 5 ліпеня: Відаа з Сяргеем Ціханоўскім і прысуд Эдуарду Бабарыку
Натат пры Сталіне статыстыка не была такой жахлівай. У чэрвені ў 100% выпадках фігуранты «пратэсных» спраў былі асуджаныя!
Жахлівая статыстыка ад праваабаронцаў: у чэрвені па «пратэсных» крымінальных справах асуджана не менш за 58 чалавек, з якіх 18 жанчын і 40 мужчын. 255 гадоў пазбаўлення волі на ўсіх!
А яшчэ — 41 год «хатняй хіміі», 11 гадоў і 6 месяцаў «хіміі», 144 300 рублёў у якасці штрафаў, 15 гадоў пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, альбо пасады, звязаныя з выкананнем функцый прадстаўніка ўлады. Пазбаўленыя воінскіх званняў 6 чалавек.
Анаіс Марэн: «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі катастрафічная»
Спецыяльная дакладчыца ААН па Беларусі Анаіс Марэн прадставіла свой новы даклад на 53-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ).
Яна адзначыла, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі «катастрафічная і толькі пагаршаецца». «Адсутнасць адказнасці за парушэнні правоў чалавека спараджае атмасферу страху сярод ахвяр і іх сем'яў», — сказала Анаіс Марэн
Спецыяльная дакладчыца ААН звярнула ўвагу, што ў Беларусі ніхто не быў прыцягнуты да адказнасці за адвольнае затрыманне дзясяткаў тысяч мірных дэманстрантаў у 2020 годзе, а таксама за гвалт або катаванні, якім падвергліся многія з іх.
Згадала яна і катаванні палітвязняў за кратамі: «У мяне ёсць важкія падставы меркаваць, што ўмовы ўтрымання ў турмах наўмысна становяцца больш жорсткімі для асуджаных па палітычных матывах, змяшчаючы іх у карцэры за дробныя парушэнні турэмных правілаў».
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа, на якім, як сцвярджаецца, Сяргей Ціханоўскі
Тэлеграм-каналы 5 ліпеня апублікавалі невялікае відэа, на якім, нібыта — палітвязень Сяргей Ціханоўскі.
Калі і дзе знятае відэа, невядома, хоть на ім і пазначаная дата — 5 ліпеня 2023 году.
У чалавеку на відэа даволі цяжка пазнаць Сяргея Ціханоўскага, але Святлана Ціханоўская, узрадавалася і быццам пазнала мужа:«Сэрца радуецца бачыць Сяргея. Жывым. І моцным», — напісала яна.
«Калі паказалі яго, то наступнымі пакажыце Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча, Максіма Знака, Паўла Севярынца, Ігара Лосіка, Вольгу Маёраву і ўсіх, з кім зараз няма сувязі. І дапусціце адвакатаў да ўсіх палітвязняў», —адзначыла Ціханоўская.
Нагадаем, учора з’явіліся непацверджаныя плёткі, нібыта Сяргей Ціханоўскі памёр за кратамі.
Эдуарда Бабарыку асудзілі да 8 гадоў калоніі
Мінскі абласны суд на выязным судовым пасяджэнні вынес прысуд па справе палітзняволенага Эдуарда Бабарыкі.
Яго абвінавачвалі паводле ч. 3 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 2 арт. 235 КК (легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), ч. 2 арт. 243 КК (ухіленні ад выплаты падаткаў). Пад вартай Эдуарда ўтрымліваюць больш за тры гады.
Суддзя Уладзімір Арэшка прысудзіў Эдуарду 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Два гады «хіміі» — за каментар пра Лукашэнку
Пінчуку суд прызначыў два гады «хіміі» за каментар пад пастом пра завышаныя кошты на лекі.
Такі прысуд вынес суд горада Пінска і Пінскага раёна ў дачыненні да асудзілі цесляра-бетоншчыка Руслана Шукалы. Яго судзілі паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі).
Паводле версіі абвінавачвання, мужчына, «маючы намер і мэту на прыніжэнне гонару і годнасці ў непрыстойнай форме Аляксандра Лукашэнкі», у сацсетцы «Аднакласнікі» пасля прагляду публікацыі ў выглядзе малюнка Лукашэнкі з тэкстам, які змяшчаецца над ім, размясціў для публічнага агляду ў адкрытай публічнай супольнасці нецэнзурны каментар у дачыненні да яго.
На судзе Руслан Шукала распавёў, што, праглядаючы стужку навін у «Аднакласніках», убачыў публікацыю з выявай Лукашэнкі, пад якой быў тэкст аб завышаных цэнах на лекавыя прэпараты, і вельмі эмацыйна на гэта адрэагаваў.
У Мінску затрыманы кухара-шаўрміста, на руцэ якога быў герб Украіны
Па інфармацыі праваабаронцаў, гэта — 22-гадовы Ілля Садоўскі. Яго затрымалі яшчэ напачатку ліпеня і хлопец дагэтуль знаходзіцца за кратамі. ГУБАЗіК назваў яго «прыхільнікам нацысцкіх ідэй».
У Фаніпалі — чарговыя хапуны па крымінальнай справе
У жніўні 2022-га года сілавікі распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020-га года ў Фаніпалі. Лічба фігурантаў гэтай справы ідзе на дзясяткі — шмат каго па ёй ўжо асудзілі да пазбаўлення або абмежавання волі.
Праваабаронцам стала вядома, што сёння, 5 ліпеня, у Фаніпалі адбываюцца чарговыя ператрусы і затрыманні па гэтай справе.
Дзяніса Салагуба асудзілі на два гады калоніі за каментары ў Тэлеграме
У судзе Ленінскага раёна Гродна асудзілі Дзяніса Салагуба паводле ч. 1 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзелу іх).
Суддзя Наталля Козел прызначыла Дзянісу два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, штраф 100 базавых велічыняў (3700 рублёў) і кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым 4500 рублёў.
Вядома, што Дзяніса абвінавацілі ў тым, што ён пакідаў «абразлівыя і пратэсныя каментары» ў Telegram у 2020 годзе.
Сілавікі затрымалі былую памочніцу суддзі за зліў звестак у «ЧКБ»
Паводле інфармацыі @mediazona_by, гаворка пра Дар'ю Дакучыц, былую памочніцу суддзі Першамайскага раёна.
У «пакаяльным» відэа, якое апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы, яна кажа, што перадала ў «ЧКБ» дадзеныя аб суддзі і пакідала «гнеўныя каментары».