ГУБАЗіК паказаў схему разгрому незалежных медыя ў Беларусі
Дзяржаўны тэлеканал СТБ паказаў чарговы прапагандысцкі фільм пад назвай «Плесень», які спрабуе растлумачыць, чаму мільёны беларусаў пратэставалі ў 2020 годзе супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта і празмернага гвалту сілавікоў. Пад злавесную музыку аўтары фільма і запрошаныя госці чарговы раз пераказалі афіцыйную версію падзей і выявілі сусветную змову супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Скрыншот з відэа СТБ. Крыніца: reform.by
Аднак на гэты раз у кадр трапіла схема змовы на чале з ЦРУ, якую раскрыў ГУБАЗіК. На схеме відаць, што, паводле версіі сілавікоў, непасрэднымі ўдзельнікамі змовы былі вядомыя журналісты і медыяменеджары. Частка з іх цяпер за кратамі — іх на схеме перакрэслілі крыжамі.

Скрыншот з відэа СТБ. Крыніца: reform.by
Напрыклад, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і яго сяброўка Ірына Злобіна. Іх аднеслі да «БелаПАН».
На тым жа кадры адзначаны галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко. Стрэлка паказвае на артыкулы, паводле якіх іх збіраліся судзіць — гэта ч. 1 арт. 342 і ч.2 арт. 216. Сёння стала вядома, што іх будуць судзіць 28 лютага толькі паводле ч. 2 арт. 216 КК — за «няправільную аплату электрычнасці для офіса».

Скрыншот з відэа СТБ. Крыніца: reform.by
Можна ўбачыць і іншыя карткі журналістаў: TUT.by — Вольгі Лойка, Адар'і Гуштын, Марыны Золатавай, Максіма Пушкіна, Алены Талкачовай, незалежнага аналітыка Сяргея Чалага, а таксама кіраўнікоў тэлеканала «Белсат» Агнешкі Рамашэўскай і Аляксея Дзікавіцкага. Адзначым, тыя журналісты, што знаходзіліся ў Беларусі і трапілі ў распрацоўку ГУБАЗіКа, арыштаваныя. Астатнія знаходзяцца за мяжой.

Скрыншот з відэа СТБ. Крыніца: reform.by
Па сутнасці, большая частка удзельнікаў «змовы» — журналісты і блогеры. Менавіта яны, паводле версіі сілавікоў, вінаватыя ў незадаволенасці беларусаў. У фільме прагучалі і прамыя пагрозы на адрас тых, хто знаходзіцца за мяжой.

Скрыншот з відэа СТБ. Крыніца: reform.by

Паводле reform.by.