Гульні тронаў у 1610 годзе: расійскі цар з Рэчы Паспалітай

Пасля мангола-татарскага ярма Масква толькі адзін раз па-сур’ёзнаму не проста знаходзілася пад кантролем іншаземных войскаў (так было і пры паходзе Напалеона ў 1812 годзе), але і прызнала іншаземца сваім манархам. У Расіі пра гэта не любяць успамінаць, але тры гады там цараваў Уладзіслаў Ваза – сын польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Вазы.



243.jpg

Авантуры з двума Ілжэдзімітрыямі ў 1604—1610 гг. завяршыліся без асаблівага поспеху. Працяглая анархія і крызіс, якія атрымалі назву “рускай Смуты”, не спыняліся, а толькі заганяліся ўглыб. Прыход да ўлады баярскага цара Васіля Шуйскага не вырашыў праблем – яму не ўдалося супакоіць краіну. Наадварот, кланавыя інтрыгі і ўспышкі лакальных канфліктаў толькі ўзмацніліся. Расія заставалася расколатай на розныя лагеры, якія прагнулі ўлады.

У Рэчы Паспалітай, бачачы “смутнае” становішча суседняй дзяржавы, урэшце вырашылі перайсці да самастойнай гульні. Стаўка на Ілжэдзімітрыяў як прыкрыццё ўласнай палітыкі не апраўдала сябе. Да таго ж, у Варшаве былі вельмі незадаволеныя ўмяшальніцтвам у расійскія справы шведаў, якіх паклікаў на дапамогу Васіль Шуйскі. Рэч Паспалітая з 1600 г. знаходзілася ў стане вайны са шведамі праз Інфлянты.

Новы план заключаўся ва ўзвядзенні на царскі трон у Расіі сына польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Вазы – Уладзіслава. План быў небездакорны, але сапраўды мог стаць выйсцем з крызісу, бо Уладзіслаў абапіраўся на магутныя рэсурсы Рэчы Паспалітай і перадусім беларускіх і ўкраінскіх зямель у яе складзе. Ён быў кандыдатурай звонку, а падчас унутраных узрушэнняў, калі мясцовыя лідары страчваюць аўтарытэт, гэта часта робіцца найбольш прымальным выйсцем з крызіснай сітуацыі.

Але для пачатку трэба было зрынуць баярскага цара Шуйскага і авалодаць Масквой. Гетман Станіслаў Жалкеўскі, які ўвогуле займаў вельмі ўзважаную пазіцыю, прапаноўваў ісці на Маскву праз слабыя северскія гарады з паўднёва-заходняга боку. Аднак Жыгімонт Ваза жадаў трыумфу і спачатку вырашыў узяць пад свой кантроль магутную крэпасць Смаленск. У выніку літвіны з палякамі завязлі пад гэтым горадам на доўгія паўтара года…

Вялае, да канца незразумелае каго з кім спаборніцтва працягвалася. У адначассе справу вырашыла бліскучая ваенная перамога. 24 чэрвеня (па новым стылі – 4 ліпеня) 1610 г. пад Клушынам, вёсачкай недалёка ад Гжацка, войска гетмана Жалкеўскага, якога было прынамсі ў некалькі разоў меншае, ушчэнт разбіла расійскае войска, падмацаванае шведамі і іншаземцамі-наймітамі. Цар Васіль Шуйскі за адзін дзень пазбавіўся ўласнай арміі. Раскладка сіл у палітычнай гульні цалкам змянілася…

З Клушынскай бітвай ёсць адна прыкрая для беларусаў недарэчнасць. Традыцыйна яна прыпісваецца палякам, перадусім з увагі на камандаванне войска каронным гетманам. Але ж літвінаў – продкаў беларусаў – была ў ім добрая палова, шмат ротмістраў і военачальнікаў беларускага паходжання ўзяло ў баі чынны ўдзел. Урэшце, не трэба забываць, што Жалкеўскі камандаваў арміяй аб’яднанай Рэчы Паспалітай, а не толькі Польскай Кароны, як гэта часта імкнуцца прадставіць.

budzma.by__wp_content_uplo_6776d1868910199196aa8ff22ae01cb3.png

Перамога пад Клушынам адкрыла дарогу на Маскву. Аднак не пераставалі дзейнічаць канкурэнты – Ілжэдзімітрый ІІ, Пракопій Ляпуноў і інш. Па рашэнні стыхійна сабранага ў Маскве Земскага сабора Васіль Шуйскі быў дэтранізаваны. І тут адбываецца самае цікавае для нас. Пасля пэўных ваганняў і хістанняў баяры і насельніцтва Масквы вырашаюць прысягнуць Уладзіславу Вазу як свайму новаму цару. Вялікая частка Расіі, у прыватнасці ўсе замаскоўныя гарады, падтрымалі гэтае рашэнне. У каралевічу з Рэчы Паспалітай убачылі найлепшую кандыдатуру. Гэта шмат у чым было дасягнута дзякуючы дыпламатычным намаганням і памяркоўным паводзінам Станіслава Жалкеўскага. Заставаўся толькі адзін вельмі важны бар’ер – веравызнанне новага цара. Той мусіў перайсці з каталіцтва ў праваслаўе. Звернем увагу на тое, што гэтыя падзеі адбываліся без гвалту і прымусу. На прыняцце рашэння, канечне, уплывала ваенная абстаноўка, але мела месца свядомае волевыяўленне. Уладзіслаў Ваза разглядаўся як найбольш дарэчная кандыдатура каралеўскай крыві, як гарантыя спакою і выхаду з глыбокага крызісу пасля кіравання “самазванцаў” і баярскай алігархіі.

Уладзіслаў Ваза фактычна быў расійскім манархам тры гады, да 1613 г. Войска Рэчы Паспалітай знаходзілася ў Маскве ў якасці апоры яго ўлады. І слова “інтэрвенцыя” не такое дарэчнае, як нам спрабуюць навязаць. Вялікая частка насельніцтва Расіі ўладу Уладзіслава прызнала і звязвала з ім самыя аптымістычныя чаканні. Так ці інакш, нам варта памятаць і вывучаць гэты схаваны і прызабыты след у гісторыі расійскай дзяржавы і манархіі, які пакінуў каралевіч з Рэчы Паспалітай – дзяржавы нашых магутных продкаў.

Аднак што ж перашкодзіла Уладзіславу паўнавартасна заняць расійскі трон, ад якога ён, дарэчы, афіцыйна адмовіўся толькі ў 1634 г.? Сляпая і недальнабачная палітыка Жыгімонта Вазы, які раптам сам захацеў сесці ў Маскве, упартасць у канфесійным пытанні, якая пазбавіла нашых продкаў масавай падтрымкі і эліты, і простага жыхарства Расіі, а таксама цывілізатарская пыха, з якой зусім неапраўдана глядзелі палітыкі і жаўнеры Рэчы Паспалітай на “варвараў з Усходу”. Пра гэта таксама варта памятаць…

Андрэй Янушкевіч, budzma.by