Хутка нашыя буслы будуць самыя шчаслівыя ў Еўропе!

Энергетыкі спынілі знішчэнне буслянак на лініях электраперадач і ўзяліся за канструяванне адмысловых апор для гнёздаў буслоў, паведамляе грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).

Белы бусел паднаўляе гняздо. Фота Мікалая Вараб'я

Белы бусел паднаўляе гняздо. Фота Мікалая Вараб'я

Канструктарская дакументацыя будзе гатовая ў другім квартале 2020 года – яе распрацоўкай займаюцца ДВА «Белэнерга» і ААТ «Белсельэлектрасетбуд». Ужо праведзеныя першыя выпрабаванні на здольнасць апор вытрымаць працяглую статычную і дынамічную нагрузку.
Праблему разбурэння буслянак на слупах ЛЭП апошнім часам актыўна падымалі і мясцовыя жыхары, і СМІ. Усё больш буслоў пачынае будаваць гнёзды на апорах ЛЭП, таму што асобных прыдатных дрэваў застаецца ўсё менш, а на сучасных дахах умацаваць гняздо ўвогуле немагчыма. Але гнёзды на слупах ЛЭП небяспечныя. Можа здарыцца кароткае замыканне, і вёска застанецца без электрычнасці. Акрамя таго, старое гняздо звычайна важыць некалькі цэнтнераў, і штогод буслы паднаўляюць яго, дадаючы 60 -100 кг, – а слупы не разлічаныя на такую нагрузку. Не кажучы пра тое, што саму птушку можа забіць токам.
Мясцовыя жыхары перажываюць, калі бачаць, як скідваюцца са слупоў гнёзды буслоў. Менавіта актыўнасць гэтых людзей і іх звароты ў дзяржаўныя структуры, у АПБ, у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, да журналістаў дапамаглі звярнуць увагу на праблему і знайсці шляхі яе рашэння на дзяржаўным узроўні.Расказвае Пётр Лазарчук:
«У суседняй вёсцы Мілавіды Баранавіцкага раёна ў лютым 2019 года энергетыкі скінулі не меней за 10 гнёзд белых буслоў са слупоў ЛЭП. Страшна і цяжка было глядзець, калі прыляцелі птушкі і пачалі рабіць гнёзды на гэтых слупах, бо электрыкі паставілі так званыя “яршы” – прыварылі да слупа металічную трубу: буслам трэба было віць гнёзды, але яны часта біліся аб гэтую трубу, калечылі крылы і гінулі. Я пісаў шмат лістоў у розныя органы. Я як жыхар вёскі Кулікі Ляхавіцкага раёна і стараста Мілавідаў Марыя Аляксееўна Саладуха напісалі ў Адміністрацыю прэзідэнта, дзе паставіліся да праблемы сур’ёзна і даручылі Саўміну яе вырашыць».
У канцы жніўня Мінпрыроды арганізавала нараду, на якой прадстаўнікі Мінэнерга, ДВА «Белэнерга», ААТ «Белсельэлектрасетбуд», Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах і АПБ абмяркоўвалі шляхі яе рашэння.
Спецыялісты ААТ «Белсельэлектрасетбуд» ужо заканчваюць працу над стандартам слупоў з буслянкамі, якімі будуць замяняцца звычайныя слупы, упадабаныя бусламі.
«На сёння мы распрацавалі рабочы варыянт СТП (стандарта прадпрыемства) і на мінулым тыдні атрымалі заўвагі і прапановы ад “Белэнерга” і “Белэнергасетпраекта”, — паведаміў начальнік тэхнічнага аддзела ААТ “Белсельэлектрасетбуд” Андрэй Анішчык. — Цяпер я займаюся апрацоўкай гэтай інфармацыі. У красавіку канчатковы варыянт СТП мы накіруем у “Белэнерга”, і яны сваім загадам увядуць яго ў дзеянне».
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:
«Дзякуючы зацікаўленасці ўсіх бакоў і жаданню энергетыкаў вырашыць праблему ў пазітыўным ключы, здаецца, хутка нашыя буслы будуць самыя шчаслівыя ў Еўропе! У многіх краінах выкарыстоўваюць штучныя буслянкі на ЛЭП, але нашы энергетыкі ўпэўнены, што яны нідзе не маюць афіцыйнай тэхнічнай дакументацыі, якая якраз цяпер выпрацоўваецца ў Беларусі».
Паводле прэс-рэлізу