Ігар Чаргінец: «Белавія» ня будзе скарачаць супрацоўнікаў на 50%

Авіякампанія «Белавія» ня будзе звальняць палову сваіх супрацоўнікаў, нягледзячы на тое, што ўсе суседнія краіны, апроч Расеі, закрылі сваю паветраную прастору для беларускіх самалётаў.

983c2d1e_9163_4428_95d9_e0738ea9280c_w1023_r1_s.webp

Гэта вынікае з допіса кіраўніка кампаніі Ігара Чаргінца ў фэйсбуку.
Ігар Чаргінец абурыўся санкцыямі супраць «Белавія» і абвінаваціў суседнія краіны ў празе зарабіць на гэтым.
«І гэта да расследавання інцыдэнту, у якім, можа, і ёсць вінаватыя, але дакладна не «Белавія». Гэта, вядома ж, поўнае патаптанне асноў дэмакратыі», – напісаў Чаргінец.
Напярэдадні ў сетках з'явілася выява дакумента, паводле якога штат «Белавія» нібыта чакалі скарачэнні на 50%.
28 траўня на сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка таксама наракаў на санкцыі супраць «Белавіа». «Замачылі на ўсю катушку», – сказаў Пуціну Лукашэнка.
«Ну за што пакаралі працоўны калектыў «Белавія»? За тое, што яны ў COVID іх вывозілі тысячамі. Вось іх аблічча», – заявіў Лукашэнка.
Пуцін, выслухаўшы гісторыю пра «Белавія», сказаў:
«Самалёт прэзідэнта Балівіі ў свой час пасадзілі, прэзідэнта вывелі з самалёта – і нічога, цішыня» (гаворка пра пасадку ў Вене ў 2013 годзе лайнера, на якім ляцеў Эва Маралес, тады ў самалёце шукалі Эдварда Сноўдэна).
Радыё Свабода