Эстонія з 27 траўня спыняе авіязносіны з Беларуссю, яна стала дзявятай у спісе
Улады Эстоніі паведамілі пра закрыццё аэрапортаў для самалётаў авіякампаніі «Белавія».
«Як і іншыя еўрапейскія дзяржавы, Эстонія забароніць палёты "Белавія" ў свае аэрапорты. Афіцыйнае рашэнне будзе аформлена сёння пасля абеду», — заявіла прэмʼер-міністарка Эстоніі Кая Калас, перадае «Радыё Свабода» са спасылкай на «Інтэрфакс-Захад».
«Як што мы не аўтакратычная дзяржава, то калі прымаем рашэнне, яго трэба аформіць у адпаведнасці з вымогамі прававой дзяржавы. Але ў кожным разе сёння пасля абеду мы гэта зробім», — дадала прэмʼер.
У першай палове дня 27 траўня «Белавія» выканала рэйс з Мінска ў Талін і назад транзітам праз Латвію. Латвія, якая 25 траўня заявіла пра закрыццё неба для беларускіх авіякампаній, удакладніла па факце пралёту, што рашэнне не тычыцца транзітных рэйсаў.
Літва закрыла неба для Беларусі нават для транзітных рэйсаў, у выніку чаго «Белавія» мусіла скасаваць пералёты ў Калінінград.
Усяго ўжо 9 еўрапейскіх дзяржаў спынілі авіязносіны з Беларуссю пасля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта «Ryanair» у Беларусі, якая скончылася затрыманнем Рамана Пратасевіча і яго сяброўкі Соф'і Сапегі.