Ініцыятыва моладзевых актывістаў: надаць імя караля Міндоўга вуліцам у Наваградку і Мінску

6 ліпеня 1253 году адбылася каранацыя Міндоўга, які заклаў падмурак дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага.

cb5d33a0_c4ef_4f1a_9074_2eadad000e05_w1023_r1_s.jpg

У сувязі з гэтым актывісты мінскай і наваградзкай арганізацый «Моладзі БНФ» распачынаюць збор подпісаў за ініцыятыву ўганаравання памяці гэтай гістарычнай асобы.
«Гэтая дата з'яўляецца адной з важных падзеяў у нашай гісторыі, і мы ўпэўненыя: пры сапраўды беларускай уладзе яна будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні», — гавораць арганізатары кампаніі з «Моладзі БНФ».
Міндоўг лічыцца знакавай фігурай у беларускай гісторыі, аднак ён не ўшанаваны на ўзроўні, як належыць чалавеку такога маштабу, падкрэсліваюць актывісты. Таму «Моладзь БНФ» распачынае ініцыятыву за наданне адной з вуліц у Мінску (сталіцы сучаснай Беларусі) і Наваградку (першая сталіца ВКЛ) імя караля Міндоўга, што будзе значным крокам ва ўшанаванні ягонай памяці.
Нядаўна ў сваёй прамове Аляксандар Лукашэнка згадваў Полацкае княства, ВКЛ, БНР, падкрэсліўшы, што гэта неад’емная частка беларускай гісторыі. Але колькі вуліц ці помнікаў гістарычным асобам гэтага перыяду ёсць у Беларусі, задаюцца пытаннем моладзевыя актывісты. І самі ж адказваюць: існуе безліч вуліц, названых у гонар дзеячоў савецкай эпохі, і белая пляма ў дачыненьні ВКЛ, найважнейшай часткі гісторыі.
«Мы ўпэўненыя, што наша ініцыятыва пакажа сапраўднае стаўленне сённяшняй улады да беларускай гісторыі і нацыянальнай памяці беларусаў. Дзеля гэтага ў нашай пэтыцыі мы знарок патрабуем не пераназваць ужо існуючыя вуліцы (хоць гэта было б лагічна), а надаць новым вуліцам імя караля Міндоўга, каб нельга было адмовіць з фармальных прычынаў», — гаворыцца ў паведамленні арганізацыі.
Каб далучыцца да кампаніі і дапамагчы са зборам подпісаў, можна напісаць на пошту moladzbelarus@gmail.com.
Паводле svaboda.org