Чаму варта рэабілітаваць Ларысу Геніюш?
Моладзь БНФ працягвае кампанію ўшанавання памяці беларускай пісьменніцы і грамадскай дзяячкі. Чарговым крокам стаў конкурс эсэ "Чаму варта рэабілітаваць Ларысу Геніюш?".
"Рэабілітацыя Ларысы Геніюш для цябе не проста фармальнасць? Хочаш выказаць сваю падтрымку кампаніі Геніюш2016? Прымі ўдзел у конкурсе эсэ ад Моладзі БНФ!", заклікаюць ініцыятары кампаніі.
Геніюш2016 — кампанія Моладзі БНФ па рэабілітацыі беларускай пісьменніцы і грамадскай дзеячкі Ларысы Геніюш, распачатая яшчэ ў 2016 годзе.
Не так даўно актывісты арганізацыі накіравалі ў Генпракуратуру Беларусі пісьмовае патрабаванне рэабілітаваць літаратарку. Адказ затрымаўся, а вынік апынуўся нездавальняючым: "Геніюш Л.А. прызнана не падлеглай рэабілітацыі".
Конкурс эсэ — гэта наступны крок у спробах дамагчыся рэабілітацыі, данесці прадстаўнікам уладаў меркаванне грамадзян і паказаць,што гэта сапраўды важна нашаму народу.
Актывісты Моладзі БНФ лічаць, што Ларыса Геніюш вартая аднаўлення яе добрага імя і ўшанавання памяці. Калі вам таксама неабыякава памяць і гонар выбітнай беларускі, і вы жадаеце падзяліцца сваемі думкамі наконт таго, чым рэабілітацыя Ларысы Геніюш такая важная падзея для беларускага народа, дасылайце свае эсэ на пошту Моладзі БНФ moladzbelarus@gmail.com.
Аб'ём тэксту — каля 3-х старонак фармату А4. Тэма гучыць так: "Чаму варта рэабілітаваць Ларысу Геніюш?"Конкурс працягнецца з 3 ліпеня па 26 ліпеня, вынікі будуць падведзены 10 жніўня.
Кожны ўдзельнік атрымае памятны дыплом і кнігу Ларысы Геніюш "Споведзь", а пераможца – файную нямецкую пяр'евую асадку фірмы Lamy!
Паводле прэс-службы Моладзі БНФ