«Інвеставаць у дзяцей – гэта вельмі клёва». Рыма Ушкевіч пра эка-садок у Гродне
Мы з табой, вядома, яшчэ зусім маладыя, якія нам дзеці, трэба кар’ерай займацца, самаразвіццём. А калі раптам здарыцца дзіцё, што будзеш рабіць? Аддаваць у садок ці не? Выбераш хатнюю адукацыю, самую трэндавую на гэты момант, ці «навошта выпендрывацца»?

Гэты тэкст ад 34mag.net не інструкцыя па выхаванні з малых гадоў, а гісторыя дзяўчыны, якой не падабалася рэчаіснасць, і яна стварыла сваю. Рыма Ушкевіч – пра з’яўленне эка-садка ў Горадні.
Чым займаюцца: Распаўсюджванне нефармальнай адукацыі для дзяцей
Дата заснавання: 2015 год
Структура: 2 чалавекі
Кантакты: FB ВК
З кім гутарым: Рыма Ушкевіч, 30 год, адна з арганізатарак дзіцячага эка-садка «ВЕТКА» і «Дзіцячай экастудыі» ў Горадні. Маладая маці, актывістка і эколаг.

Гісторыя Рымы
– Я жыла ў Горадні, затым у Менску, потым зноў у Горадні, у прапорцыях – шаснаццаць, дзевяць і пяць. За тыя дзевяць я скончыла ўніверсітэт, папрацавала журналістам-фрылансерам на радыё і ў інфармацыйным агенцтве. Размеркаванне адпрацоўвала ў газеце для падлеткаў «Раніца». Асаблівасцю рэдакцыі было тое, што там было шмат дзяўчат і кожныя паўгода нехта нараджаў. Але я пратрымалася і сышла не ў дэкрэт, а ў экалагічнае таварыства «Зялёная сетка», а праз некалькі месяцаў у Цэнтр экалагічных рашэнняў. Там ужо лёс мяне знайшоў, і ў 2012 годзе я пайшла ў дэкрэт і пераехала ў Горадню.

Усе аплачаныя дзяржавай тры гады дэкрэту я сядзела з сынам. Першы можна назваць уводзінамі ў мацярынства, другі – намацваннем глебы пад нагамі, трэці год – гэта час актыўных дзеянняў, не адрываючыся ад гадавання дзіцяці. Першы быў складаны, бо ўсе сябры засталіся ў Менску, а я сам-насам з крыкастым немаўлём, якое бясконца мяне смокча. Другі год няпросты, таму што невядома, што ў гэтым горадзе ўвогуле рабіць. Для мяне Горадня доўгі час заставалася мёртвай. Прыгожай, але мёртвай, як абкладзеная дыяментамі графіня ў труне. Каб неяк пратрымацца і чымсьці заняць сябе, я пісала кантрольныя работы па ангельскай мове для замежных студэнтаў, а тым часам марыла пра нешта большае.

Ад пошукаў да ідэй
– Праз тры гады афіцыйна сканчваўся дэкрэт, і я павінна была альбо выходзіць на працу, альбо ў наступны дэкрэт. Апошняга мне зусім не хацелася. Тым больш паўстала новая праблема – аддаваць сына ў садок.
Гэта быў суцэльны галаўны боль. Ува мне жыве вельмі моцнае, абсалютна нічым не забівальнае перакананне, што васьмігадзінны дзіцячы садок – гэта злое зло. Восем гадзін без мамы, з чужымі дарослымі, з 20 таварышамі па няшчасці, калі табе толькі тры гады? Не, дзякуй. Мы ўладкаваліся ў бліжэйшы да дома садок, і я забірала Сцёпу адразу пасля абеду. Месца гэтае ён успрымаў без энтузіязму, ды і мне яно зусім не падабалася, таму спачатку чаргавалі яго са школай Мантэсоры, а потым увогуле закінулі, дагэтуль не дайду, каб забраць дакументы.
Менавіта ў той час я пачала думаць над тым, што інвеставаць у дзяцей – гэта вельмі і вельмі клёвая ідэя. Так і з’явілася «Дзіцячая экастудыя» – была вялікая патрэба нешта новае, карыснае і цікавае рабіць для дзетак. Мае альтруістычныя намеры ўсё ж патрабавалі якой-ніякой фінансавай дапамогі: пачаць справу дапамагла «Зялёная сетка», а працягнуць – Цэнтр экалагічных рашэнняў.

«Дзіцячая экастудыя»
– Пачыналі мы з бясплатных імпрэз і майстар-класаў для дзетак школьнага ўзросту на розных гарадзенскіх пляцоўках. Што мы распавядалі? Пра кругазварот вады ў прыродзе і таянне леднікоў, змену клімату, пра віды пластыку і сартаванне смецця, пра экалагічныя і небяспечныя рэчывы ў ежы і рэчах.
Тры месяцы нам дапамагала «Сетка», але затым праект, у рамках якога мы арганізавалі сваю дзейнасць, скончыўся, а разам з ім і дапамога, якая нам патрэбная была, каб арандаваць памяшканне і купляць неабходныя для заняткаў матэрыялы. То-бок мы павінны былі альбо перастаць існаваць, альбо станавіцца камерцыйнымі і браць за заняткі грошы. Мы саставілі бізнэс-план, але, калі казаць шчыра, ён аказаўся ідэалістычным: не хапала добрага даследавання рынку, не хапала добрай каманды, таму ён проста не спрацаваў.
Мы не ўлічылі, што калі нешта рабіць бескаштоўна, то пасля вельмі цяжка зацягнуць аўдыторыю з такіх мерапрыемстваў на падобныя платныя заняткі.
І, зразумела, распачаўшы іх, мы згубілі большую частку першапачатковай публікі. Але тыя, хто з намі цяпер, – вельмі матываваныя бацькі. Натуральна, змяніўся і фармат правядзення, з’явіўся цалкам новы праект – міні-садок – і вось той ідэалістычны бізнэс-план становіцца рэальным.
На гэта спатрэбілася паўгода – са студзеня па чэрвень 2016. Старая каманда распалася, новай не было. Не было добрага разумення, куды рухацца далей. Каму патрэбныя эка-майстэрні ў Горадні? Горад і без таго перанасычаны цэнтрамі ранняга развіцця, шмат з якіх закрыліся. Наша экастудыя не загінула тады толькі таму, што рабяты з Цэнтра экалагічных рашэнняў, дзе я раней працавала, паверылі ў мяне, у тое, што ўсё будзе добра. І я не магла іх падвесці.

Эка-садок
– Трэба адзначыць, што ў 2015 годзе адбылася адна з самых вызначальных сустрэч для «Дзіцячай экастудыі» і для мяне асабіста. Нашыя першыя заняткі наведвала шматдзетная сям’я, якая не прапускала амаль ніводнага. Таццяна Валошчык, маці траіх дзетак, была вельмі зацікаўленая тым, што мы робім. Мы пазнаёміліся і зразумелі, што, у прынцыпе, нейкія вызначальныя светапоглядныя рэчы ў нас супадаюць. Ну вось, бывае, бачыш чалавека і разумееш – аднаго з табой поля ягада.
Як мы прыйшлі да ідэі міні-садка, цяпер сказаць складана: у нас было шмат варыянтаў. Чалавечага лета ў нас не было: тры месяцы мы рыхтаваліся, рабілі развівальныя матэрыялы, шылі, майстравалі, прыдумлялі. Дызайнерскія рашэнні экастудыі – гэта Таня. Менавіта ёй належыць слова «ВЕТКА» і руплівая праца па тым, каб адпавядаць назве. Таму калі ты ўваходзіш у нашае памяшканне, то разумееш, адкуль тая «ВЕТКА» ўзялася.
Пра памяшканне можна сказаць асобна. Адразу вызначылі, што будзем у цэнтры, бо месца вельмі-вельмі важнае ў нашым выпадку. Улетку кошты там былі ад 7 да 10 еўра/метр, але паціху ішлі на спад. Нам патрэбна было не менш за 30 квадратаў, разглядалі розныя варыянты і прыглядзеліся да дзяржаўнай арэнды. У самым цэнтры Горадні стаіць вялікі і напалову пусты будынак, які належыць Галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленню. Кошты там прымальныя, але стан памяшканняў вельмі дрэнны. У нашым былі вялізныя дзіркі ў лінолеуме, напрыклад. Тым не менш самое памяшканне нам падыходзіла, бо мела вельмі зручныя сістэмы захоўвання рэчаў і цудоўную нішу. Яе мы пакрылі чорнай грыфельнай фарбай і зрабілі зонай для малявання і тэатральных праектаў.

У чым соль
– Міні-садок – гэта група няпоўнага дня, не больш за 4 гадзіны знаходжання ў дзіцячым калектыве пад назіраннем выхавацелькі з дзецьмі, якім споўнілася тры гады. Група рознаўзроставая, з 3 да 6. Міні-садкі ў прынцыпе актуальныя для бацькоў, асабліва для тых, хто не працуе па звычайным графіку. Мы ведалі, што ў горадзе ёсць крытычная маса людзей, каму гэта цікава. Эка-сад – гэта наш код, так мы вызначаем сябе.
Праекты, падобныя нашаму, у Еўропе можна назваць Вальдорфскімі школамі. То-бок наадварот – гэта мы чымсьці падобныя да тых школаў. І ў нашай экастудыі нават ладзяцца сустрэчы ў духу Вальдорфскай педагогікі для бацькоў з дзеткамі – такія сямейныя пасядзелкі за самаробнымі заняткамі. Гэта даволі цікавая сістэма, распрацаваная Рудольфам Штайнерам, але калі адкрыеш Вікіпедыю і пачытаеш пра Вальдорф, можа з’явіцца адчуванне татальнага сектанцтва. Для нас гэта непрымальна. Таму мы бяром з гэтай сістэмы ідэі для творчасці, якіх там безліч на кожны сезон года, ды нейкія ўніверсальныя прынцыпы развіцця дзіцяці.

Дэталі
– Што мы робім з дзеткамі? Таня – гэта бясконцы генератар ідэй. Яна педагог-псіхолаг з адукацыі, але істотна нават не гэта, а тое, што гэта чалавек, якому наканавана быць з дзецьмі. З імі ёй проста і весела, як і дзеткам з Таняй.
Наш дзень у эка-садку пачынаецца з сумеснага вітальнага кола. Затым размінаемся, водзім карагоды, арганізоўваем пальчыкавыя гульні, што даволі характэрна для ўсіх садкоў. Прынцыповая розніца ў тым, што мы ніколі не адыходзім ад прыроднага цыкла – што ў гульнях, што ў творчасці.

Здаецца, што можна рабіць 90 дзён пра восень? А між тым для кожнага месяца свае заняткі: верасень для ўраджаю і гарода, кастрычнік для лісця, каштанаў і жалудоў, лістапад для зімовых падрыхтаванняў. Пасля творчасці невялічкі сумесны сняданак – перакус, які далі з сабой бацькі. Калі надвор’е добрае, мы ідзем гуляць у сквер, а калі не – застаемся і гуляем разам альбо асобна. Напрыканцы ў нас або чытанка, або спектакль паводле казкі. Прычым найперш мы гэтую казку прачытваем, а потым яе ставім. Часам на творчай частцы робім дэкарацыі для спектакля. Першапачаткова граем мы, дарослыя, а затым аддаем персанажаў дзеткам.
Эка-садок – гэта праект, і, як любы праект, ён залежыць ад розных абставін, у тым ліку і грашовых. Але мы пачалі працаваць толькі з верасня, і за гэты час ужо набылі нямала бацькоў-аднадумцаў, а гэта, я лічу, вельмі круты вынік за такі кароткі перыяд. Да нас водзяць сваіх дзетак самыя розныя людзі. Ёсць праваслаўныя, каталікі, пратэстанты, атэісты, вайшнавы, беларускамоўныя і прынцыпова рускамоўныя – таму мы сталі месцам па-за рэлігіяй і палітыкай – усё, як я і хацела: чароўны прыдуманы свет, дзе жывуць любоў і дабрыня.

Сяргей Шаматульскі, 34mag.net Фота: Leah Skuridina