Ішла ад касцёла ці прыехаў на покерны турнір? Атрымай 15 сутак

У нядзелю 31 студзеня былі затрыманні на праспекце Незалежнасці ў Мінску. Да мінакоў падыходзілі сілавікі і адводзілі іх у мікрааўтобус. Лозунгаў, плакатаў ці арганізаванага шэсця не відаць. Аднак некаторыя затрыманыя ўжо атрымалі 15 сутак.


Tut.by апублікаваў некалькі відэа затрыманняў, у тым ліку з камеры назірання «Макдональдса».
Мяркуючы па таймкоду, у роліку — пяць хвілін жыцця праспекта Незалежнасці ля «Макдональдса» (з 14.32 да 14.37) 31 студзеня. Быццам бы ўсё як звычайна: кудысьці спяшаюцца мінакі. Аднак за пяць хвілін мы бачым па меншай меры восем затрыманняў. На праспекце Незалежнасці паркуюцца мікрааўтобусы, адтуль выходзяць сілавікі ў цывільным, якія адводзяць некаторых гараджан з сабой. Прынцып, па якім выбіраліся парушальнікі, незразумелы, асабліва калі ведаць, што пазней ім паставілі ўдзел у няўзгодненым шэсці.
Гэта адно з некалькіх відэа, якія бакі абароны паказвалі ў судах над. Адзначым, што рэдакцыя не ведае дакладна, што адбывалася па-за названага часовага адрэзка.
Сярод тых, каго павялі з гэтага пункту ў мікрааўтобус, — сяброўкі Юлія Міхайлава і Любоў Шышпар. Час затрымання па даных камеры — 14.36.

На запісу відаць, як дзяўчатам (у адной — белыя лампасы на штанах) заступаюць шлях сілавікі ў балаклавах і адводзяць іх у мікрааўтобус. Гэта Юлія і Любоў

На запісу відаць, як дзяўчатам (у адной — белыя лампасы на штанах) заступаюць шлях сілавікі ў балаклавах і адводзяць іх у мікрааўтобус. Гэта Юлія і Любоў


Справы дзяўчат разглядалі, потым адпраўлялі на дапрацоўку з-за несупадзенняў у пратаколах. Сваякі заяўлялі ў міліцыю аб іх знікненні, таму што ў нейкі момант проста не разумелі, дзе тыя знаходзяцца. Сёння абедзвюх асудзілі на 15 сутак.
Спачатку дзяўчат абвінавачвалі ў правапарушэннях па артыкулах 23.34 (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і 23.4 (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы), потым апошні артыкул знялі.
Юлія Міхайлава ў судзе патлумачыла, што ішла ад Чырвонага касцёла разам з сяброўкай уздоўж праспекта, калі ішлі каля ГУМа, спалохаліся і зайшлі ў краму. Пазней выйшлі з універмага i сышлi ў пераход.
 Выйшлі з пераходу, праходзілі міма «Макдональдса». Спыніўся мікрааўтобус, падышлі людзі і сказалі прайсці з імі. Калі мы спыталі, навошта, сказалі: «Там растлумачаць».
У судах над затрыманымі на праспекце апытвалі і сведак. Напрыклад, у працэсе над Юліяй Міхайлавай міліцыянт патлумачыў, што «назіраў у нядзелю шэсце групы грамадзян уздоўж праспекта Незалежнасці». На яго думку, людзі «дастаткова арганізавана перасоўваліся», выкрыквалі лозунгі.
Супрацоўнік міліцыі расказаў, што паведамленне пра шэсці на праспекце друкавалася ў телеграм-канале, у якім менавіта — невядома. Казаў, што людзі дамовіліся абазначыць сябе «сімволікай»:
 Загадзя агаворвалася, што грамадзяне будуць абазначаць сябе пакетам крамы «Суседзі» і аднаразовай медыцынскай маскай.
Па відэа, знятым ад «Макдональдса», незразумела, былі на дзяўчынах медыцынскія маскі, ці не, ніякіх пакетаў у іх у руках не відаць.
Юлія патлумачыла, што ўпершыню паведамленні пра «шэсці» на праспекце ўбачыла на скрыншотах у РУУС.
Ніжэй — яшчэ адно відэа для ілюстрацыі таго, як затрымлівалі людзей ля «Макдональдса» 31 студзеня.


Яшчэ адзін затрыманы ля «Макдональдса» — 32-гадовы Юрый, якога судзілі 3 лютага. У роліку бачна, як ён стаіць на тратуары і размаўляе пра нешта з дзяўчынай (час — 13.32). У судзе мінчанін патлумачыў, што гэта — яго знаёмая Кацярына. Паводле яго слоў, у цэнтр горада ў нядзелю прыехаў, каб паўдзельнічаць у покерным турніры, а са знаёмай сустрэўся выпіць кавы.
У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні сказана так: «Прыняў актыўны ўдзел у масавым мерапрыемстве без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама, чым парушыў закон і парадак правядзення вулічнага шэсця. Публічна выказваў пратэст супраць правядзення 6-га Усебеларускага народнага сходу», «рухаўся ўздоўж праезнай часткі з групай грамадзян».
У адказ на пытанні суддзі мужчына адказаў, што на ім была бела-сіняя медыцынская маска. Справу Юрыя таксама адпраўлялі на дапрацоўку з-за памылкі ў часе пратаколу. Рашэнне суда — 15 сутак.
Пра лёс Кацярыны, якая стаяла побач з Юрыем, нічога не вядома.

zaderzhanie_na_prospekte_nezavisimosti.png.crdownload

Затрыманне Юрыя і Кацярыны
Мінчанін Дзмітрый таксама атрымаў 15 сутак, як і яго сябар Уладзімір. Мужчыны з'яўляюцца ў кадры ўжо ў суправаджэнні сілавікоў у цывільным (прыкладна ў 14.32). Час затрымання, названы ў пратаколе, не супадаў з тым, што на камеры відэаназірання, і ў гэтым выпадку справы адпраўлялі на дапрацоўку.
Прэтэнзіі — тыя ж: шэсце ў групе асоб, публічнае выказванне пратэсту супраць 6-га Усебеларускага народнага сходу, выкрыкванне правакацыйных лозунгаў, адмова спыніць несанкцыянаванае мерапрыемства ў адказ на патрабаванні міліцыі.

zaderzhanie_na_prospekte_nezavisimosti___2.png.crdownload

Затрыманне Дзмітрыя і Уладзіміра, якіх вялі да буса з боку падземнага пераходу


Дзмітрый распавёў у судзе, што з сябрам знаёмы ўжо гадоў 15. Мужчыны сустрэліся і адправіліся ў цэнтр — нагледзець падарункі для блізкіх.
 Я ішоў з таварышам уздоўж праспекта. Там не было ніякіх натоўпаў людзей, ніякага шэсця, супрацоўнікаў міліцыі я не бачыў. Мы спусціліся ў пераход, там да нас падышлі са спіны і сказалі: «Пройдземце, міліцыя. Для праверкі дакументаў».