Я хачу гаварыць: вулічныя плакаты на Чарнобыльскім шляху за 20 год
Штогадовая вулічная акцыя – дзіўнае спалучэнне словаў для вуха беларусаў. Але пачынаючы з 1988 года людзі прыходзяць на «Чарнобыльскі шлях», які з’яўляецца адным з месцаў, дзе жыве сапраўднае мастацтва вулічнага самаробнага плакату.

Сёлетні Чарнобыльскі шлях пачаўся ад пляцоўцы ля кінатэатра “Кастрычнік”. Гэта месца дазволенае Мінгарвыканкамам. Удзельнікі мусяць прайсці шэсцем па маршруце праспект Незалежнасці – Сурганава – Арлоўская да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля». Паміж 20:00 і 20:30 тут пройдзе малітва-мітынг. Падзея мусіць стаць пачаткам наступнай кампаніі – «Астравецкі шлях» – мэтай якой з’яўляецца спыненне будоўлі і ўвядзення ў эксплуатацыю станцыі ў Астраўцы.
Адміністрацыя ў лісце-адказе арганізатарам падкрэслівае:
“Звяртаем увагу на неабходнасць выкарыстання ўдзельнікамі масавых мерапрыемстваў 26.04.18 толькі плакатаў, транспарантаў, лозунгаў, сімвалаў, якія адказваюць мэце – прыцягненню грамадскай увагі да ўгодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і яе наступстваў”.
Мінгарыканкам такім чынам падкрэслівае, што змешчаны ў пэўныя рамкі не толькі парадак правядзення “Чарнобыльскага шляху”, але і самі тэмы для выказванняў. Аднак дырэктыўны ідэалагічны пасыл уласцівы зусім не плакатам на вулічных акцыях, а скарэй савецкаму агітацыйнаму плакату, яік з’явіўся неўзабаве пасля папулярызацыі палітычнага плакату напачатку ХХ стагоддзя. На вулічных акцыях выкарыстоўваюць плакат не толькі для дэманстрацыі “правільнага” для выканкаму пасылу.
Яшчэ раней, у Сярэднявеччы, гэты жанр папулярнага мастацтва выкарыстоўвалі для публічнага выказвання меркаванняў па рэлігійных пытаннях.
Першыя плакаты – з назвамі гарадоў, лозунгамі і вершамі
“Чарнобыльскі шлях” пачаўся ў 1988 годзе з ініцыятывы палітычнай партыі “Беларускі народны фронт”, ці БНФ. Людзі з пацярпелых гарадоў і проста неабыякавыя неслі плакаты са знакамі радыяцыі і назвамі сваіх малых радзім. Гэтая традыцыя працягвалася ў дзевяностых, хаця і з варыяцыямі.

1989 год, фота – svaboda.org
На фота першых ЧШ сустракаюцца нават вершы, а таксама пераробленыя савецкія лозунгі – стратэгія, выхаваная савецкім часам, якая дазваляла ва ўмовах цэнзуры ўкладаць у афіцыйныя лозунгі свой сэнс. Такія практыкі сустракаюцца да сёння.

1990 і 2016 гады
Далёка не заўсёды ўдзельнікі кажуць толькі аб тым, аб чым ім дазволілі, часам нават высвятляюць адносіны палітычныя супольнасці. Наўрадці Мінгарвыканкам палічыў бы гэта тэматыкай ЧАЭС.
Канстанты: Лукашэнка, сцягі і “Пагоня”
У 1996 годзе на Чарнобыльскім шляху падчас Мінскай вясны з’яўляецца прозвішча Лукашэнка і яго ж самаробныя партрэты як прадстаўніка “злога” рэжыму. Прэзідэнт не змяніўся, партрэты таксама не зніклі.

2013 год, фота – charter97.org
Побач з тым з 90-х і да сёння на ЧШ багата нацыянальнай сімволікі. Нагадаем, МУС не лічыць яго забароненым, але Мінкульт дагэтуль сумняецца ў яго гістарычнай каштоўнасці.

1996 год, фота – 90s.by
Мусіць, як бы не намагаўся прэзідэнт сысці ад бел-чырвона-белага сцягу і “Пагоні”, але ўсё адно застаецца з імі побач. Там жа сустракаецца хрысцінская сімволіка, пасля украінскага канфлікту – гербы/сцягі Украіны.
Сілавікі: фактура для будучай творчасці
Акцыю 1996 году называюць не толькі самым масавым ЧШ, але і ўвогуле самай масавай у найноўшай гісторыі Беларусі. На гадавіну аварыі сабралася 30-100 тысячаў чалавек.

Георгі Ліхтаровіч, vytoki.net
Неад’емны элемент любой акцыі ў Беларусі – сілавікі. На фота, якім больш за 10 гадоў, дзіўна назіраць дарогі, перагароджаныя жыгулямі. Зараз на іх месцы ПАЗікі і аўтазакі. Міліцыя ў яйках-шлемах няўлоўна гучыць матывам з “Зорных войнаў”…

2009 год
…альбо з савецкіх фільмаў пра шпіёнаў, для якіх нібы спыніўся час.

2009 год
Маркс і папяровыя жоравы
Тыя, хто пабачыў аварыю на свае вочы, часта асацыююць яе з вайной, і яшчэ раз аб гэтым нагадвае чарнобыльскі звон. Побач з ім вісяць папяровыя птушачкі, якія адначасова нагадваюць і аб сімвале гукання вясны, і пра знакамітых японскіх папяровых жораваў.

1998 год, фота – photo.bymedia.net
Анархісцкія плакаты адсылаюць да “Капітала” Маркса, і тэма грошай у чарнобыльскім плакаце застраецца пры любых абставінах: грамадзянам падабаецца іх лічыць.


Хіпі, панкі, шавіністы
На ЧШ можна сустрэць уладальнікаў модных лукаў: супрацьгазы па панку, стужкі на галаве як у хіпі, толькі з тэматычнымі надпісамі і колерамі.

Адно з самых вядомых фота на ЧШ, 1996 год, аўтар – Сяргей Брушко


На ЧШ таксама прысутнічае шавінісцкі гумарок. Яшчэ адзін вядомы здымак, 2009 год, svaboda.org
І крышачку імперскага.

2013 год
Пра пабіты рэактар: “Дайце тры”
У 2009 годзе абвесцілі аб будаўніцтве ў Беларусі АЭС у Астраўцы, і грамадства адрэагавала.


2016 год. фота - tut.by
А ў 2017 годзе некалькі разоў грукнулі аб зямлю корпус рэактара, і гэта не засталося незаўважаным: “Дайце тры!” – просяць зялёныя на сваім плакаце ў 2017 годзе.
