«Я гатовая да гадоў»: 23-гадовая Соф’я чакае вяртання свайго хлопца-палітвязня
Як жыць, калі рэжым несправядліва скрадвае твайго блізкага чалавека? «Белсат» распавядае пра Соф'ю, дзяўчыну палітвязня Івана Андрушойця. Калі сем чалавек у цывільным прыйшлі затрымліваць Івана, Соф’я была побач. Іх паклалі тварамі да падлогі, сказалі: «Вы дабегаліся», – і вывелі Івана ў наручніках у невядомым кірунку.
Ужо два месяцы, як Соф’я займаецца справамі свайго палітзняволенага хлопца і стараецца не ўяўляць ягонага вяртання, каб дарэмныя мары не прывялі да расчаравання.
Івана затрымалі 5 лістапада праз падазрэнне ва ўзломе камп’ютарнае сістэмы Мінгарвыканкаму, а да 349-га артыкулу Крымінальнага кодэксу дадалі 342-і, што прадугледжвае арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Паводле тае самае справы ўзлому праходзяць Павел Дрозд і актывіст Кім Самусенка – усе трое жывуць у адным раёне і сябруюць з падлеткавага ўзросту. Таксама затрыманы брат Кіма Аляксей.
«П***уй дадому, б***зь малалетняя»
Калі затрымалі Паўла, а пазней Кіма, Іван з Соф’яю пастанавілі, што па іх прыйдуць таксама. «Кім паведаміў, што яго забіраюць, і мы пакінулі кватэру, а праз тры гадзіны туды прыйшлі з ператрусам. Сябар Вані, які жыве над намі, сядзеў у гэты час удома, еў марозіва і пачуў шум – ламалі дзверы. Ён спусціўся паглядзець, што адбываецца, і ў выніку стаўся панятым».
З кватэры забралі тэхніку, мадэм, некаторыя дакументы, банкаўскія карткі, сім-карткі, а таксама газавы балон, які пара выкарыстоўвала на дваровых імпрэзах, каб смажыць дранікі. Калі Івану з Соф’яй паведамілі пра вобшук, яны з’ехалі з гораду і пастанавілі чакаць навінаў у Салігорску, дзе жыве маці Соф’і.
«Нас знайшлі праз содні, адкрылі дзверы ключом – відаць, папрасілі яго ў сына сужыхара маёй мамы, і вельмі ветліва ўвайшлі. Мы тады сядзелі на канапе, размаўлялі і думалі схадзіць па прадукты і што-небудзь з адзення, бо з’ехалі без анічога. Я чую, як адчыняюцца дзверы, гляджу на Ваню, Ваня глядзіць на мяне, мы маўчым – і я разумею, што ўсё. Я дагэтуль памятаю твар чалавека, які зайшоў першым: вельмі неразумна надзяваць баф, які цалкам абцягвае твае рысы. Сямёра зайшлі, паглядзелі, што ў кватэры больш нікога няма, і паклалі нас тварам да падлогі. У Вані спыталі прозвішча, а калі ён яго назваў, сказалі: «Вы дабегаліся», – а таксама, што «на кожнага айтышніка знойдзецца тры айтышнікі, лепшыя за яго». А ў мой бок прагучалі не вельмі далікатныя словы: «П***уй дадому ў Менск, б***зь малалетняя». Але, на вялікае, я і была ўдома».
Падчас затрымання Соф’і не было страшна: самым яркім пачуццём сталася злосць.
«На пытанне, чаму яны забіраюць сыноў, мужоў, хлопцаў, а не ганяюць рэальных злачынцаў, няма адказу. Тыя, хто арыштоўвае звычайных людзей, хутчэй за ўсё нават не разумеюць, з якой мэтаю гэта робяць, і не думаюць, як потым будуць з гэтым жыць».
Хутка дзяўчына ўбачыла каханага чалавека ў спісах Акрэсціна, а праз пару дзён яго перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага, дзе ён застаецца дагэтуль.
Выпрабаванне ў 23 гады
Соф’я і Іван разам ужо тры гады. Яны пазнаёміліся ў агульнай кампаніі, зблізіліся на пахаванні сябра і амаль адразу пачалі жыць разам – з бацькам хлопца і сабакам Штырліцам, які цяпер на шпацырах выглядвае свайго гаспадара ў мінаках.
Паводле адукацыі Іван электрык: пайшоў слядамі бацькі. Апошнім часам, калі Соф’я адкрыла ІП у мантажы слабатокавых сетак, ён вучыў яе неабходным рэчам, але афіцыйна на момант затрымання быў беспрацоўным. Без яго прадпрыемства давядзецца замарозіць: навучыць дзяўчыну ўсяму, што неабходна, Іван не паспеў.
Маці хлопца жыве ў Бярозаўцы. 5 лістапада яна казала, што не ведае, ці то перажываць за сына, ці то радавацца за дачку – сястра Івана нарадзіла якраз у гэты дзень, магчыма нават, не без дапамогі навінаў пра брата.
Соф’я тым часам вярнулася ў Менск. «Гэта было цяжка: звычайна, калі я прыходжу дадому, мяне сустракае Ваня, а тут нікога няма. І што рабіць далей – разбірайся сама. Па першым часе я ўсё чакала, што ён вернецца, абдыме і пацалуе. Два тыдні я старалася не заставацца адна, а тым больш не заставацца ўдома, бо без Вані гэтыя сцены моцна ціснулі. А потым у мяне ўключыліся мазгі і я зразумела, што ў прынцыпе нічога такога ў гэтым няма: вы жывяце, у вас ёсць пэўныя праблемы, а гэта проста адна з праблемаў. Таму я пастанавіла браць сябе ў рукі і неяк яму дапамагаць».
Усю адказнасць за надзённае палітвязня Соф’я ўзяла на сябе: камунікацыя з адвакатам, развязванне побытавых пытанняў, маральнае падтрыманне ўсіх і кожнага – неслабое выпрабаванне ў 23 гады.
Цяпер яна мусіць клапаціцца не толькі пра сябе і нават не толькі пра Івана: яна падтрымлівае бацьку свайго хлопца, які за апошнія месяцы перажыў два інсульты, наведвае і супакойвае маці Івана, абмяркоўвае сітуацыю са сваймі бацькамі (яны перажываюць і кажуць, што «не трэба было лезці ў палітыку»), паведамляе сябрам і бацькам затрыманых паводле тае самае справы апошнія навіны, а таксама штодня двойчы выгульвае Штырліца.
«Ваня прасіў мяне супакоіць бацькоў: маўляў, усё нармальна, ён проста ў не вельмі добрым санаторыі. Чатыры дні на тыдзень я займаюся побытавымі пытаннямі, звязанымі з Ванем, а напачатку гэта займала амаль увесь мой час. Цяпер маё галоўнае перажыванне – дачакацца ліста».
Соф’я ў лістах піша, што чакае Івана і калі ён выйдзе, пара сыграе вяселле і народзіць мноства дзяцей. Пра свае перажыванні і праблемы дзяўчына стараецца не гаварыць: маўляў, хлопец і так увесь час пад замком са сваймі думкамі.
«Ён мне піша, што кахае, сумуе, апісвае свой побыт. Настрой у яго баявы, у камеры яны адзін аднаго падтрымліваюць, бо разумеюць, што сядзець, імаверна, яшчэ доўга, а ў выпадку канфлікту ты нікуды не дзенешся».
Пад усе гэтыя імклівыя перамены дзяўчыне цяпер трэба падладзіць сваё жыццё і графік будучае працы: з былой, у больніцы, яна тэрмінова сышла, калі з’язджала з Іванам з гораду.
«Адчуванне, што за мной могуць у кожны момант прыйсці проста так»
Абвінавачванне тым часам, як лічыць Соф’я, максімальнага ўзроўню абсурднасці: нічога, за што можна было б затрымаць чатырох сяброў, яна ўявіць не можа.
«Мы сустракаліся, размаўлялі, абмяркоўвалі палітыку, але цяпер такі час – усе абмяркоўваюць палітыку і ўсе незадаволеныя. Відаць, ёсць нейкі план-мінімум на колькасць людзей, якіх трэба арыштаваць, і тут некаму шанцуе, а некаму – не. Асабіста ў мяне яшчэ са жніўня захоўваецца пастаяннае адчуванне, што за мной могуць у кожны момант прыйсці проста так. Або, калі маршы толькі пачаліся, я ведала, што адносна іх пачнуць працаваць: выглядваць і вышукваць людзей, якія ў іх бралі ўдзел».
Выпрабаванне дзяўчына ўспрымае надзвычай цвяроза: лічыць гэта жыццёвым урокам, які трэба прайсці з годнасцю.
«Так ці інакш гэта ўмацавала мяне і нашыя стасункі з Іванам. Цяпер я буду больш лаяльнаю да ягоных «хачу» і «не магу» і пачну лягчэй успрымаць рэчы, якія раней мне здаваліся сур’ёзнымі. Сітуацыяў, калі я пасля сваркі сыходжу з кватэры, больш не здарыцца, а калі ён будзе на мяне злавацца, проста скажу: «Ты сядзеў, а я цябе падтрымлівала». Надалей нашыя стасункі дакладна будуць суправаджацца турэмнымі жартачкамі».
Соф’я спадзяецца, што да суда справа не дойдзе: судзіць Івана няма за што, таксама як Паўла, Кіма і Аляксея, следчыя зробяць правільныя высновы і ўсіх адпусцяць.
«Тым не менш варта не забываць, што так можа не здарыцца, – і я гатовая да гадоў. Ёсць сем’і, якія чакаюць мужоў або дзяцей па дзесяць ці дваццаць, а нам пагражае не такі тэрмін, каб расстройвацца. Тым больш за гэтыя артыкулы нам дакладна не будзе сорамна».