Як судзілі 80-гадовага настаўніка за ўдзел у мітынгу

Рыгор Сямёнавіч Бурван у мінулым настаўнік, дырэктар школы, — паведамляе Медыя-Палессе. У жніўні бягучага года яму пайшоў 81-ы год. 16 жніўня ён выступіў на плошчы Леніна перад некалькімі сотнямі пінчукоў, што пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку праваахоўных органаў.

grigorij_burvan_foto_1.jpg


Праз некаторы час Рыгора Сямёнавіча наведаў міліцыянт і склаў адміністрацыйны пратакол аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
16 верасня пенсіянера выклікалі ў суд. Ад сказанага на плошчы ў прысутнасці многіх сотняў людзей і дзясятка міліцыянтаў Рыгор Сямёнавіч не адмовіўся.
— Я даведаўся, што будзе мітынг у горадзе. Думаю, пайду і я, пагляджу на людзей, сябе пакажу. Пайшоў, паглядзеў, паслухаў што людзі кажуць. Нармальныя людзі, вочы нармальныя, ніводнага наркамана я там не ўбачыў, ніхто там нікому нічога не "адшпільвае". Людзі выступаюць, плачуць. Сярод прысутных на мітынгу шмат маіх вучняў. Падыходзяць, вітаюцца, рукі паціскаюць. Я паслухаў, што яны кажуць і вырашыў выказацца з нагоды таго, што адбываецца са мной і з тымі, хто быў на плошчы. Папрасіў мікрафон і выступіў. Сышоў з трыбуны. Мае вучні падыходзяць да мяне, руку ціснуць, абдымаюць. Апладысменты былі. А я думаю, а што я такога істотнага сказаў? Быццам бы нічога істотнага, проста выказаў сваё меркаванне. Але пасля таго, як людзі сталі падыходзіць, абдымаць, значыць, нешта я істотнае сказаў, чымсьці я крануў душу людзей…
— Мне зразумела — што напісана ў пратаколе, — працягнуў Рыгор Бурван. — Але мне не зразумела тое, чаму мяне прыцягваюць…
— Я абараняў Канстытуцыю. Я абараняў дзяржаву, радзіму. Я абараняў яе ад узурпацыі і гвалтоўнага ўтрымання ўлады, што з'яўляецца найцяжэйшым злачынствам…
Рабіць перапынак для падрыхтоўкі пастановы суда не прыйшлося.
Як толькі Рыгор Сямёнавіч скончыў сваю недоўгачасовую прамову са спасылкай на пэўны артыкул Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае пакаранне за ўзурпацыю ўлады, суддзя Клімовіч абвясціў рашэнне суда — Рыгора Бурвана прызнаць вінаватым па ч. 1 арт 23.34 Каап «Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» і вынесці яму папярэджанне.