«Як у рэстаране». Затрыманаму ў Столінскім ІЧУ выставілі двайны рахунак за харчаванне
472 рублі за 10 дзён у няволі.
Жыхару Брэста Ціхану Клюкачу прыйшоў ліст са Столінскага РАУС за подпісам намесніка начальніка С. Тропца з патрабаваннем пагасіць запазычанасць за харчаванне ў ізалятары часовага ўтрымання — 135 рублёў, з разліку 13 руб. 50 капеек у суткі, піша «Медыя Палессе».
18-гадовы хлопец быў прыцягнуты паводле арт 23.34 КаАП РБ «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» і прызначаныя яму 10 дзён адміністрацыйнага арышту адбываў у ІЧУ Столінскага РАУС.
Калі сваякі прывезлі яму перадачу, у ІЧУ прыняць яе адмовіліся. Запатрабавалі спачатку аплаціць выдаткі на харчаванне. І назвалі суму: 337 рублёў 50 капеек. Яна была аплачаная двума плацяжамі: 50 рублёў і 287 рублёў 50 капеек. Копіі квітанцый маюцца.
А пасля вызвалення Ціхану прад'явілі яшчэ адзін рахунак, ужо на 135 рублёў.
Такім чынам, калі ўсе сумы скласці, то кармленне ў ІЧУ Столінскага РАУС Берасцейцу Ціхану Клюкачу абыдзецца 472 рублі 50 капеек. Атрымліваецца, што ў суткі ежы ён з'ядаў на 47 рублёў 25 капеек.
Сваякі абураныя такой арыфметыкай і падзяліліся гэтай інфармацыяй з праваабаронцамі. Тыя ў сваю чаргу раяць ім звярнуцца з заявай у пракуратуру з просьбай растлумачыць чаму ў ІЧУ Столінскага РАУС такое дарагое меню?