Як вызваліць палітвязняў

Чаго толькі ні рабіла грамадскасць для вызвалення палітвязняў! Праводзіліся марафоны салідарнасці, ладзіліся канцэрты і масавыя акцыі, збіраліся подпісы за іх вызваленне — і нічога.



p1010928.jpg

Пытанне палітзняволеных падымалася на самых высокіх міжнародных узроўнях, у ААН, а Еўропа дагэтуль называе іх вызваленне першасным крокам для размарожвання стасункаў з Беларуссю. Тым не менш, зараз налічваецца 10 палітвязняў, уключаючы Уладзя Яроменка, які адбывае трохмесячны арышт за невыкананне правілаў прафілактычнага нагляду.

Кожным разам узнікае пытанне: а ці ўсё зрабіла беларуская грамадскасць для таго, каб усе палітвязні выйшлі на волю? Таму штораз узнікаюць новыя ініцыятывы па вызваленні асуджаных, таму і не спыняюцца акцыі салідарнасці, і гэтая тэматыка застаецца актуальнай.

Што ж можа яшчэ зрабіць грамадства, каб палітвязні нарэшце апынуліся на волі?

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што гэтае пытанне вельмі складанае. «Калі б мы ведалі, што яшчэ можна зрабіць дзеля таго, каб вызваліць палітвязняў, мы б гэта ўжо зрабілі», — кажа ён, нібыта адзначаючы, што большасць магчымасцяў для вызвалення палітвязняў ужо скарыстаная.

Не спыняюць сваіх спробаў выцягнуць палітвязняў з турмаў і беларускія палітыкі. Напрыклад, у Аб’яднанай грамадзянскай партыі актыўна абмяркоўваецца: як скарыстаць Чэмпіянат свету па хакеі, які пройдзе ў Мінску, каб праз яго націснуць на ўлады ў справе вызвалення палітвязняў.

Лідара АГП Анатоля Лябедзьку ў гэтай справе натхняе прыклад Уладзіміра Пуціна, які напярэдадні Алімпіяды паадпускаў частку палітычных апанентаў. «Калі нават ёсць адзін шанец са ста на тое, што палітвязняў выпусцяць, мы павінны гэты шанец скарыстоўваць», — заявіў Лябедзька. Такім чынам ён пралічыў гэты шанец, але ягоная мізэрнасць не азначае, што рабіць нічога не трэба.

Што тычыцца ціску кшталту «адабраць Чэмпіянат свету па хакеі», альбо націснуць праз яго на ўлады з патрабаваннем вызвалення палітвязняў, то Стэфановіч кажа хутчэй пра складанасці, чым пра магчымасці. «Тое, што зрабіў Пуцін — адпусціў палітвязняў напярэдадні Алімпіяды, то, на маю думку, гэта крыху непараўнальныя рэчы. Аляксандр Лукашэнка і не разлічвае, што на ЧМ па хакеі прыедуць Абама альбо Меркель. З іншага боку, Масква мае стасункі з Захадам, а Беларусь самаізалявалася ад яго, разлічваючы выключна на Расію ў якасці асноўнага партнёра», — мяркуе Стэфановіч.

Праваабаронцы таксама не пакідаюць у спакоі афіцыйны Мінск. Стэфановіч кажа, што яны шырока скарыстоўваюць разнастайныя міжнародныя інстытуцыі для ціску на беларускія ўлады па пытанні вызвалення палітвязняў. «Прыкладам, інстытут спецдакладчыка па Беларусі ў Савеце па правах чалавека ў ААН. Іншая справа, што ўлады Беларусі не прызнаюць самога спецдакладчыка», — кажа Стэфановіч.

Дарэчы, тут дзіўная і пазіцыя беларускай дыпламатыі. З аднаго боку, улада не прызнае, што ў краіне ёсць палітвязні. З другога, Лукашэнка раз-пораз кажа, што ў краіне ёсць «адзін-два чалавекі, якіх Еўропа лічыць палітзняволенымі». З трэцяга, падчас спробаў у чарговы раз нармалізаваць адносіны з Еўропай міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей кажа, што беларускіх апазіцыянераў з турмаў даўно б адпусцілі, каб яны напісалі прашэнне пра памілаванне. Гэта значыць, дэ-факта ўлада прызнае, што ў Беларусі палітвязні ёсць. Бо не адпусціш жа ўсіх, хто піша такія прашэнні?

Па меркаванні Стэфановіча, для вызвалення палітвязняў павінныя супасці нейкія знешнія і ўнутраныя фактары, каб ва ўлады была матывацыя выпусціць палітвязняў. Такую матывацыю можа стварыць крызісная сітуацыя ў краіне, калі Беларусі запатрабуюцца не толькі расійскія, але і еўрапейскія грошы. У той жа час павінен існаваць міжнародны ціск, каб гэтыя грошы не выдаваліся без вырашэння пытанняў палітвязняў і ціск унутры краіны.

Аднак гэтых фактараў не бачна. «Унутрыбеларускі ціск», на жаль, пакуль што немагчымы, бо ў падтрымку палітвязняў выказваецца значна менш людзей, чым, напрыклад, супраць новага транспартнага падатку. Ад крызіснай сітуацыі ў эканоміцы заўсёды выратоўвае Расія, даючы крэдыты і прэферэнцыі. А паколькі Расія дапамагае Беларусі, на еўрапейскія патрабаванні беларускія ўлады могуць не звяртаць увагі.

«Зразумела, для ўладаў дастаткова было б адной матывацыі ад Еўропы. Пытанне, як заўсёды, у грошах, якія ўлада зможа атрымаць у абмен на палітвязняў. Гэта прыкра і цынічна, але гэта так: іншых выгодаў улада не бачыць», — кажа Стэфановіч.

Але і тут справа ў тым, што самі палітвязні выступаюць супраць таго, каб іх «выкупалі з палону». Для іх непрымальна ператварацца ў тавар. І іх пазіцыя таксама зразумелая.

Вызваляюцца ж палітвязні проста. Напрыклад, у 2008 годзе ўлады вызвалілі палітзняволеных Аляксандра Казуліна і Андрэя Клімава без усялякіх прашэнняў пра памілаванне, што стала пачаткам так званай «лібералізацыі», якая скончылася 19 снежня 2010 года. Тое ж самае назіралася ў 2011 годзе з часткай асуджаных па «справе Плошчы», — іх таксама вызвалялі без напісання адпаведных прашэнняў пра памілаванне.

Для вызвалення палітвязняў улады могуць скарыстаць і магчымасці амністыяў, якія праводзяцца ў краіне ледзьве не штогод. «У 2012 годзе ўлады казалі, што амністыя будзе насіць «непалітычны характар», але самі ж яе палітызавалі, не ўключыўшы, а дакладней, выключыўшы з яе частку асуджаных па няцяжкіх артыкулах. Зразумела, гэта тычылася няцяжкіх артыкулаў па масавых беспарадках — «справе Плошчы», і іншых артыкулах», — узгадвае Стэфановіч.

Так што выпусціць палітвязняў лёгка. Цяжка заціснуць уладу ў кут, каб яна ніяк не здолела адтуль выйсці, акрамя як праз вызваленне палітычных апанентаў.