Якая імавернасць таго, што вас заб’юць у Беларусі?

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый з 1995 года рэгулярна збірае дадзеныя па колькасці наўмысных забойстваў па краінах свету. Згодна з апошнімі дадзенымі за 2014 год, у Беларусі адбылося 340 забойстваў, ці 3,6 забойства на 100 000 чалавек. Але многа гэта ці мала? Ці сапраўды Беларусь такая бяспечная ў параўнанні з іншымі краінамі, як гэта сцвярджаюць беларускія ўлады?

ladon.jpg

Самая вялікая колькасць забойстваў традыцыйна адбываецца ў краінах Амерыкі. Узровень забойстваў там дасягае 16,3. Нязначна адстае ад амерыканцаў Афрыка. Там за год здараецца каля 12,5 забойстваў на 100 тысяч чалавек. У іншых рэгіёнах свету гэты паказчык значна меншы. Вось як выглядае рэйтынг па частках свету:

Амерыка — 16,3

Афрыка — 12,5

Свет — 6,2

Еўропа — 3,0

Акіянія — 3,0

Азія — 2,9

Такім чынам, калі параўноўваць з амерыканскім і афрыканскім узроўнем, і нават з сярэднім па свеце паказчыкам, беларускія лічбы выглядаюць годна.

Дзе сітуацыя найгоршая?

Нягледзячы на ўпэўненае лідарства Амерыкі і Афрыкі, у гэтых частках свету ёсць рэгіёны, якія асабліва вылучаюцца з шэрагу іншых. Самая цяжкая сітуацыя з забойствамі традыцыйна назіраецца ў Цэнтральнай Амерыцы і Паўднёвай Афрыцы.

Сусветны лідар па колькасці забойстваў на душу насельніцтва — Сальвадор.

У 2015 годзе ўзровень забойстваў у гэтай цэнтральнаамерыканскай краіне склаў 104 на кожныя 100 тысяч чалавек. Вулічныя банды сталі сапраўднай праблемай Сальвадора, з якой мясцовыя ўлады не могуць справіцца ўжо тры дзесяцігоддзі. Самай жорсткай і добра арганізаванай злачыннай групоўкай з’яўляецца Mara Salvatrucha. Колькасць удзельнікаў гэтага сіндыкату вагаецца, па розных падліках, ад 50 да 100 тысяч чалавек.

ladon2.jpg

У адказ на бясчынствы банд і няздольнасць улад навесці парадак, у Сальвадоры з’явіўся «эскадрон смерці» Sombra Negra (Чорны Цень). Удзельнікі групы без суда і следства адсочваюць і забіваюць удзельнікаў банд і іншых злачынцаў. Такім чынам, дзейнасць Sombra Negra таксама падвышае колькасць забойстваў у краіне. Улады Сальвадора афіцыйна адмаўляюць свой удзел у дзейнасці «эскадронаў смерці», хаця атрады Sombra Negra выкарыстоўваюць метады і зброю ўрадавых структур, і складаюцца ў асноўным з вайскоўцаў і паліцэйскіх.

Шмат беларускіх выпускнікоў, якія валодаюць іспанскай мовай, працавалі па размеркаванні ў Венесуэле. І ўсе яны адзначалі высокі ўзровень злачыннасці ў гэтай паўднёваамерыканскай краіне. Пацвярджаецца гэта і статыстыкай.

Летась у Венесуэле забілі 28 тысяч чалавек. Гэта 90 забойстваў на 100 тысяч насельніцтва, што з’яўляецца другім паказчыкам у свеце пасля Сальвадора.

Цікава, што імклівы рост колькасці забойстваў у Венесуэле пачаўся ў канцы 90-х, пасля прыходу да ўлады Уга Чавеса. У 90-я гады злачыннасць была таксама адносна высокай: каля 20 забойстваў на 100 тысяч чалавек. Але гэта не так вылучалася з сярэдняга амерыканскага ўзроўню, як зараз.

За гады прэзідэнцтва Чавеса ўзровень забойстваў паступова рос і дасягнуў у 2012 годзе лічбы 53,8 на 100 тысяч насельніцтва. Пасля прыходу да ўлады пераемніка Чавеса Нікаласа Мадуры сітуацыя зусім выйшла з-пад кантролю. Эканамічныя праблемы апошніх гадоў у Венесуэле сталі дадатковым каталізатарам гвалту.

ladon3.jpg

Не нашмат лепшая сітуацыя з забойствамі і ў Паўднёвай Афрыцы. Пасля адмены апартэіду ў ПАР рэзка павялічылася колькасць забойстваў. Некалькі гадоў краіна была сусветным лідарам па гэтым паказчыку. Колькасць ахвяр павялічвалася як сярод белага, так і сярод чарнаскурага насельніцтва. Хаця колькасць забойстваў на 100 000 насельніцтва ўсё ж знізілася з 66,9 у 1994—1995 гадах да 33 у 2014 годзе, сітуацыя з бяспекай у Паўнёва-Афрыканскай Рэспубліцы застаецца адной з найгоршых у свеце.

Такім чынам, на фоне краін Афрыкі і Амерыкі Беларусь выглядае бяспечнай. Але ці такая добрая ў нас сітуацыя, калі параўноўваць з больш бяспечнымі краінамі?

Дзе бяспечней, чым у нас?

Еўропа, Азія і Акіянія з’яўляюцца аднолькава бяспечнымі для жыцця рэгіёнамі. Узровень забойстваў тут складае каля 2,9—3,0 на 100 000 чалавек. Беларускі паказчык 3,6 перавышае сярэднееўрапейскі.

Але Еўропа ў гэтым рэйтынгу выглядае вельмі неаднароднай. Самай бяспечнай з’яўляецца яе заходняя частка. Там здараецца толькі 1 забойства на 100 000 чалавек. Нягледзячы на тыя жахі пра Заходнюю Еўропу, якія малюе дзяржаўная і крамлёўская прапаганда, гэтая частка планеты з’яўляецца самай бяспечнай. Імавернасць быць забітым у Германіі ў 4 разы меншая, чым быць забітым у Беларусі (паказчык забойстваў 0,9 у Германіі супраць 3,6 у Беларусі).

Даволі бяспечна можна сябе адчуваць і ў краінах Паўднёвай і Паўночнай Еўропы. Узровень забойстваў там крыху вышэйшы, але і ён не перавышае 1,5 на 100 000 чалавек.

А вось Усходняя Еўропа (з улікам Расіі) — куды менш бяспечны для жыцця рэгіён. Тут здараецца ажно 6,4 забойстваў на 100 000 чалавек. Такія лічбы абумоўленыя ў першую чаргу высокай колькасцю забойстваў у Расіі. За 2014 год у гэтай краіне адбылося ажно 13 681 забойства, альбо 9,5 забойстваў на 100 000 чалавек.

Сітуацыя ў іншых краінах Усходняй Еўропы не такая трагічная, але і там лічбы яшчэ далёкія да заходнееўрапейскіх. З усіх суседзяў Беларусі толькі Польшча адзначылася вельмі добрым вынікам — усяго 0,7 забойстваў на 100 000 чалавек. Гэта нават лепш, чым у Заходняй Еўропе. Іншыя краіны-суседкі маюць паказчыкі, горшыя за беларускія.

ladon4.jpg

Такая высокая колькасць забойстваў тлумачыцца тым, што ў 90-я гэтыя краіны праходзілі цяжкі шлях трансфармацыі і эканамічнай нестабільнасці. Хаця ў параўнанні з 90-мі сітуацыя ва Усходняй Еўропе ў плане бяспекі значна палепшылася (у тым ліку і ў Беларусі), нашаму рэгіёну давядзецца яшчэ шмат зрабіць, каб мы маглі сябе адчуваць гэтак жа бяспечна, як і жыхары Заходняй Еўропы. 

Паводле Нашай Нівы