Яшчэ аднаго беларуса затрымалі ў Арменіі на запыт лукашыстаў

Беларускага айцішніка не выпускаюць з Арменіі, бо выявілася, што ён знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі. Яго гісторыю распавядае dev.by.

Ілюстрацыйны здымак. Фота sunnytravel.by

Ілюстрацыйны здымак. Фота sunnytravel.by

У 2020 годзе пасля выбараў ён правёў двое сутак на Акрэсціна. У канцы 2021 года ў яго кватэры прайшоў ператрус, ён пабываў на допыце ў ГУБАЗіК. Улетку мінулага года яго зноў «запрасілі» на гутарку ў ГУБАЗіК. Але ён не пайшоў і праз некаторы час паляцеў у Тбілісі. Каля года мужчына жыве ў Грузіі. Не так даўно ён паехаў у Арменію, каб перазапусціць тэрмін легальнага знаходжання ў Грузіі. Але на армянскай мяжы яго затрымалі і цяпер не выпускаюць з краіны. Аказалася, ён абвешчаны ў вышук у Беларусі.

«Грузінскую мяжу прайшоў нармальна. На армянскай мяжы пачаліся праблемы. Спачатку доўга вывучалі мой пашпарт, фатаграфавалі, нешта абмяркоўвалі. Потым адвялі ў нейкі пакой, дзе я прасядзеў каля гадзіны. Пазней прыехаў супрацоўнік паліцыі, і мяне павезлі ў пастарунак у Ноемберан (невялікі горад побач з мяжой).

Па дарозе супрацоўнік паліцыі распавёў, што я знаходжуся ў вышуку ў Беларусі. Я так зразумеў, у краін ЕАЭС ёсць агульная база (асоб, якія адшукваюцца), і калі кагосьці ў Беларусі абвяшчаюць у вышук, гэтая інфармацыя даступная і паліцыі Арменіі. Таму мяне былі абавязаныя затрымаць. Я не ведаю, калі на мяне была заведзеная крымінальная справа ў Беларусі. Падазраваў, што магу быць у вышуку, але не ведаў, што гэта можа неяк паўплываць на мой візіт у Арменію», — распавёў ён.

«Ужо ў паліцэйскім участку мне далі падпісаць паперу, што я праінфармаваны аб знаходжанні ў вышуку ў Беларусі і пры першай магчымасці з'яўлюся ў мінскі РАУС. Гэтую паперу сфатаграфавалі і адправілі ў Беларусь. Пры мне супрацоўнік армянскай паліцыі размаўляў, як я зразумеў, з супрацоўнікам МУС у Беларусі. Я не чуў, пра што канкрэтна яны казалі, але ў нейкі момант супрацоўнік армянскай паліцыі сказаў: «Не, не маем на гэта паўнамоцтваў». Выкажу здагадку, што з беларускага боку хацелі, каб мяне ці то затрымалі, ці то экстрадавалі», — лічыць мужчына.

У выніку беларуса адпусцілі, але папярэдзілі, што ён не зможа пакінуць тэрыторыю Арменіі, пакуль знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі. Яму прапанавалі вырашыць пытанне выключэння з базы асоб, якія адшукваюцца, у беларускай амбасадзе.

«Цяпер я ў Ерэване. Знаёмыя дапамаглі на час вырашыць пытанне з жыллём. Я на сувязі з праваабаронцамі. Сябар знайшоў беларускага адваката, які жыве ў Грузіі і будзе дапамагаць дыстанцыйна. Напэўна, будзем звяртацца ў МУС Арменіі, каб знайсці спосабы пакінуць тэрыторыю краіны», — распавёў ён.

Гэта ўжо не першы выпадак затрымання беларусаў у Арменіі. У пачатку студзеня гэтага года прэс-служба паліцыі Арменіі паведаміла аб затрыманні ў аэрапорце Ерэвана грамадзяніна Беларусі на запыт паліцыі Люксембурга. У красавіку таксама ў аэрапорце армянская паліцыя затрымала яшчэ аднаго беларуса Яўгена Гуцалава, які прыляцеў у Ерэван з Турцыі і на той момант знаходзіўся ў вышуку ў Беларусі. Яўген змог з'ехаць з Арменіі толькі праз паўтара месяца.