Яшчэ аднаго ўдзельніка падзей 14 ліпеня пазбавілі волі

Суд Кастрычніцкага раёна Мінска вынес прысуд 23-гадоваму Антону Валавіку, якога абвінавацілі па артыкулах 342 і 364 Крымінальнага кодэкса. Яго прызналі вінаватым і прызначылі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па сукупнасці двух артыкулаў.

valavik_sud.jpg

Справу разглядзела суддзя Вольга Няборская, дзяржабвінавачанне прадставіў пракурор Арцём Яўтуховіч.

Антона Валавіка абвінавацілі ў тым, што ўвечары 14 ліпеня ён браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і меў намер публічнага пратэсту і здзяйснення дэструктыўнай дзейнасці. Ён далучыўся да групы грамадзян, стаяў у першых шэрагах счэпкі, выкрыкваў лозунгі, а таксама нанёс удары правай нагой супрацоўнікам АМАП: Самалётаву — па руцэ, Астапуку — па галаве.
Першага лютага суддзя задаволіла хадайніцтва абаронцы абвясціць сведчанні пацярпелых падчас папярэдняга следства. Самалётаў не паказваў на Валавіка як на таго, хто наносіў удары. Астапук на пытанне, чаму не канкрэтызаваў, куды наносіліся ўдары, сказаў, што яму суткі было блага, ён дрэнна спаў, таму адказваў павярхоўна. Ён заявіў грамадзянскі пазоў на 1000 рублёў, патлумачыў гэта тым, што “яму было непрыемна, што людзі бачаць, што можна крыўдзіць супрацоўнікаў”.
Сябры Валавіка ўнеслі гэтую суму за перапынак.
Пракурор запрасіў для хлопца тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па сукупнасці двух артыкулаў. Адзін год — паводле 342 артыкула і тры гады — паводле 364 артыкула.
Таксама ён папрасіў выключыць з абвінавачання здзяйсненне злачынства праз помсту.
Пацярпелы Самалётаў адмовіўся выступаць, Астапук папрасіў не караць Валавіка строга.
Адвакат лічыць абвінавачанне недастатковым.
Валавік у апошнім слове папрасіў пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.
“Хвалююся за тое, што здарылася. Сітуацыя прынесла гора і слёзы маці і дзяўчыне. Хачу сумленнай працай дапамагаць грамадству”, — сказаў ён.
spring96.org