Палітвязню Алегу Мазгову прысудзілі тры гады «хіміі»

Суд Ленінскага раёна Мінска вынес прысуд 26-гадоваму спартсмену Алегу Мазгову, якога ўтрымлівалі пад вартай тры месяцы, а потым вызвалілі пад асабістае паручальніцтва. Яго асудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову — "хіміі". Менавіта такое пакаранне запрасіў пракурор. Да ўступлення прысуду ў сілу пакінутая мера стрымання ў выглядзе асабістага даручальніцтва.

mazgou.jpg

За ўдзел у мітынгу 9 жніўня Алега Мазгова абвінавацілі па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса, але потым справу перакваліфікавалі на ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Яго абвінавацілі ў тым, што стаяў у счэпцы і выкрыкваў лозунгі. Справу разгледзела суддзя Юлія Шут.
Паводле абвінавачвання, Мазгоў дзейнічаў у вячэрні час, яго актыўныя дзеянні суправаджаліся грубым парушэннем грамадскага парадку. Дзяржабвінаваўца лічыць, што віна Мазгова даказана цалкам, таму просіць суд пакараць яго трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Сваю віну па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Алег прызнаў цалкам.
Па арт. 293 Крымінальнага кодэкса Мазгоў не прызнаваў віну, сітуацыя змянілася, калі яго справу перакваліфікавалі на арт. 342 Крымінальнага кодэкса. А ў счэпках стаялі і лозунгі выкрыквалі тысячы людзей, якія выходзілі са жніўня мінулага года. Па сутнасці, віна Мазгова пацвярджаецца фатаграфіяй, дзе ён стаіць у счэпцы.
spring96.org