Яшчэ адзін смяротны прысуд прыведзены ў выкананне
Прадстаўнікам кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» стала вядома аб прывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да жыхара Гомеля Сяргея Вострыкава.

Сяргей Вострыкаў. Фота tut.by
Ягоная маці атрымала адпаведнае паведамленне з Гомельскага абласнога суда.
Каардынатар кампаніі Андрэй Палуда мяркуе, што растраляць Вострыкава маглі ў перыяд з 13 па 29 красавіка, паколькі апошні ліст з СІЗА №1, дзе ўтрымліваўся асуджаны да вышэйшай меры, быў датаваны менавіта 13 красавіка, а абласны суд атрымаў паведамленне аб прывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду 29-га. Апроч гэтага 5 красавіка маці дазволілі сустрэцца з сынам у СІЗА. Гэта была іх апошняя сустрэча.
Нагадаем, Гомельскі абласны суд вынес смяротны прысуд 33-гадоваму жыхару абласнога цэнтра 19 траўня 2016 года. Сяргей Вострыкаў быў прызнаны вінаватым у двух асобных выпадках згвалтавання і забойства. Вярхоўны суд пакінуў смяротны прысуд у сіле.
Зараз праваабаронцы спрабуюць удакладніць інфармацыю пра лёс яшчэ аднаго асуджанага да смяротнага пакарання – жыхара Мазыра Кірылы Казачка. Ён адмовіўся ад абскарджання прысуду ў Вярхоўным судзе, напісаўшы адпаведную заяву, у сувязі з чым справа была знятая з апеляцыйнага разгляду. Існуючая практыка сведчыць аб тым, што вельмі рэдка смяротнікаў, у якіх не засталося магчымасцяў абскардзіць прысуд ці атрымаць памілаванне ад прэзідэнта, расстрэльваюць па адным.
У камеры смяротнікаў такім чынам можа заставацца толькі жыхар Нароўлі Аляксей Міхаленя, у якога засталася магчымасць абскардзіць свой прысуд у Вярхоўным судзе.
spring96.org