Яўген Прэйгерман: З'яўляецца невялікае акно магчымасцей — спыніцца каля прорвы

Цяпер мы на нейкім скрыжаванні: альбо ўсё пойдзе трагічна дрэнна, альбо ўсё ж такі паступова атрымаецца спыніць вал эскалацыі.

«Вакол ворагі», але «мы гатовыя да дыялогу з усімі без папярэдніх умоў» — такая, калі коратка, канцэпцыя знешняй палітыкі Беларусі апошняга года. З блізкіх саюзнікаў у краіны, зразумела, — толькі Расія. На заходнім напрамку, як адзначае ў каментары «Беларусы і рынак» заснавальнік і дырэктар Савета па міжнародных адносінах «Мінскага дыялогу» Яўген Прэйгерман, «нябачаны крызіс, больш за тое, за апошні час зроблены крок да яшчэ большай прорвы — пасля інцыдэнту з самалётам, пасля ўвядзення новых санкцый».

«Пра гатоўнасць да дыялогу беларускія ўлады кажуць са жніўня мінулага года, з самага пачатку крызісу. Але праблема была і застаецца ў тым, што бакі цалкам па-рознаму разумеюць гэты дыялог. Заходнія краіны першапачаткова пад дыялогам мелі на ўвазе тое, што Аляксандр Лукашэнка павінен сесці за стол перамоў з кімсьці тут, унутры краіны, а ўлады маюць на ўвазе пад дыялогам толькі размову ўласна ўлад і заходніх дзяржаў. Любыя спробы навязаць Лукашэнку ўдзел у гэтым дыялогу яго палітычных апанентаў Мінск разглядае як адсутнасць павагі і ўмяшанне ва ўнутраныя справы.

За апошнія тыдні мы крочылі да прорвы, апагеем стала рашэнне аб адкліканні агрэмана амбасадара ЗША Джуліі Фішэр у адказ на санкцыі, якія былі прынятыя Злучанымі Штатамі.

Пакуль вонкава ўсё выглядае так, што рух у прорву працягнецца. У Мінску ніхто саступаць не збіраецца, выразна дэманструецца, што на любыя меры ўздзеяння будуць адказы — ліквідацыяй магчымасцей двухбаковых стасункаў і рэпрэсіямі ўнутры краіны.

Адпаведна, па логіцы апошніх месяцаў, на Захадзе павінны пайсці на яшчэ большую эскалацыю, бо заяўляецца, што санкцыі ўводзяцца ў імя дасягнення канкрэтных мэт: прыпынення рэпрэсіўнай машыны, вызвалення палітвязняў і, зноў жа, нейкіх перамоў унутры краіны.

Ну, і тады мы вяртаемся на круг першы: улада не ідзе і не збіраецца ісці на такія ўмовы, наступны ціск цалкам разбурыць перспектывы нейкай унутранай нармалізацыі і яшчэ больш разарве адносіны з Захадам. Гэта значыць, з гэтага пункту гледжання ўсё выглядае зусім сумна.

Але адначасова з гэтым, калі глядзець больш шырока, то складваецца сітуацыя, калі альбо ўсё можа пайсці яшчэ горш, альбо ўсё ж такі за чарадой нейкіх кропкавых спроб пачаць размаўляць сітуацыя паступова можа не тое каб нармалізавацца, — пра гэта гаворкі наогул не ідзе, — але хаця б увайсці ў рэчышча паступовага запаволення эскалацыі.

Чаму я так думаю? Справа ў тым, што разгортваюцца розныя міжнародныя сюжэты: міграцыйны крызіс, падзеі ў Афганістане, якія ўзрушылі заходні свет, — яны могуць несці наступствы для Еўропы. Таму не выключаю, што нейкія кропкавыя спробы размаўляць ўсё ж пачнуцца, і першая ластаўка ўжо прыляцела: днямі адбылася рабочая сустрэча з польскай дэлегацыяй наконт трансгранічнага супрацоўніцтва.

Рэзюмуючы сказанае, паўтару, што цяпер ёсць нейкае скрыжаванне: альбо ўсё пойдзе зусім трагічна дрэнна, альбо ўсё ж такі ўдасца на фоне праблем паступова трохі спыніць вал эскалацыі».

Паводле belmarket.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: