ЕС у чарговы раз заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне
Еўрасаюз асудзіў беларускія ўлады за чарговае смяротнае пакаранне і заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне.
«Мы сурова асуджаем нядаўняе пакаранне Рыгора Юзэпчука, які быў асуджаны да смяротнага пакарання ў красавіку 2013 года. Гэта ўжо другое пакаранне ў Беларусі ў гэтым годзе. Мы разумеем сур’ёзнасць злачынстваў, за якія ён быў асуджаны. Еўрапейскі Саюз выступае супраць смяротнага пакарання, паколькі яно не можа быць апраўдана ні пры якіх абставінах», — гаворыцца ў заяве прэс- сакратара Службы знешняга дзеяння Еўрасаюза.
«Мы заклікаем Беларусь — адзіную краіну ў Еўропе, якая прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды, далучыцца да глабальнага мараторыя на смяротнае пакаранне як першы крок да агульнай яе адмене», — цытуе УНІАН заяву.
На гэтым тыдні стала вядома, што 45-гадовы ўраджэнец Жытомірскай вобласці Рыгор Юзэпчук, ром па паходжанні, быў расстраляны. У яго было сем судзімасцяў, у тым ліку за некалькі забойстваў. Смяротны прысуд быў вынесены за забойства сукамерніка пры адбыванні 25-гадовага пакарання.
Нагадаем, 17 красавіка расстраляны 23-гадовы студэнт гістфаку БДУ, які быў прызнаны вінаватым у забойстве двух асобаў з асаблівай жорсткасцю, Павел Сялюн. Паўла Сялюна расстралялі, калі яго скарга знаходзілася на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН. Гэта з’яўляецца прамым парушэннем міжнародных нормаў, якія ўзяла на сябе Рэспубліка Беларусь.
Праваабаронцы мяркуюць, што прысуд і ў дачыненні да Рыгора Юзэпчука маглі выканаць разам з Сялюном.