Юрась Губарэвіч: Свята 25 сакавіка натхніла людзей

Старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч распавёў, як ідзе падрыхтоўка да «Чарнобыльскага шляху-2018».



Юрась Губарэвіч на пікеце 18 студзеня 2018 г. Фота Арцёма Лявы

Юрась Губарэвіч на пікеце 18 студзеня 2018 г. Фота Арцёма Лявы

Юрась Губарэвіч распавёў:

— Зараз вырашаем рознага кшталту тэхнічныя пытанні. Найперш гэта пошук сродкаў на пакрыццё ўсіх выдаткаў, якія звязаны з правядзеннем рэкламнай кампаніі і візуалізацыяй мерапрыемства. Калі гарадскія ўлады выставяць рахункі за паслугі, скажам, медыкаў альбо прыборкі тэрыторыі, то пра гэта таксама трэба думаць. Але пакуль што адказу з Мінгарвыканкама яшчэ няма.

— Колькі ўсяго патрэбна сродкаў на правядзенне “Чарнобыльскага шляху”?

— Натуральна, чым больш будзе грошай, там лепш. У такім выпадку можна правесці лепшую інфармацыйную кампанію. Але агулам, думаю, неабходна некалькі тысяч рублёў.

— На якую колькасць людзей разлічваеце падчас мерапрыемства?

— Разлічваем на вялікую колькасць, але ёсць пэўныя абмежаванні, звязаныя з заяўкай. Там запісана “да тысячы чалавек”, хаця спадзяемся, што прыйдзе значна больш.

— На канцэрт у Дзень Волі прыйшлі некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, хаця фармат там, натуральна, быў зусім іншы…

— Фарматы адназначна розныя, але 25 сакавіка засталося шмат незадаволеных тым, што адсутнічала шэсце. У Дзень Волі сітуацыя ў пэўнай ступені натхніла людзей да ўдзелу ў вулічных фарматах. Туды прыйшлі грамадзяне, якія больш-менш актыўна сочаць за беларускай палітыкай, цікавяцца падзеямі грамадска-палітычнага жыцця, але раней баяліся выходзіць на вуліцу, каб не патрапіць пад рэпрэсіі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Зараз адбыўся пэўны пералом, і такія людзі змогуць далучыцца да масавага мерапрыемства, якое будзе праходзіць легальна. 

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя