Юрась Карманаў: «Даволі брутальна тут усё адбываецца»

Беларускія журналісты, якія працуюць цяпер у Кіеве, сведчаць, што сілавікі ўжываюць спецсродкі супраць нашых калег гэтак жа, як і супраць дэманстрантаў.



hryts.jpg

«Я не пацярпеў, усё ў парадку, але проста працаваў якраз з гэтымі забітымі… — паведаміў прэс-службе БАЖ каля 14-й гадзіны карэспандэнт«Associated Press» Юрась Карманаў. — Я проста прыйшоў на Грушэўскага, а там яны ўжо ляжалі — адзін паміраў, і яго дэфібрылятарам яго імкнуліся рэанімваць. А другі ўжо быў мёртвы. Дык я высвятляў — хто гэта, што гэта... Вось толькі адтуль. А тут зараз пачынаецца новая атака...»

«Самае горшае, што не разбіраюць — журналіст ты ці не, і страляюць, і газ пускаюць на ўсіх разам. І не выратоўвае пасведчанне журналісцкае. Даволі брутальна тут усё адбываецца. Горш за ўсё тым, хто здымае відэа і фота, бо ім трэба быць на месцы падзеяў. «Пішучыя» могуць, як я, там за вугал схавацца і адысці», — зазначыў Юрась.

Я сведчу, што тыя міліцыянты, якія трымаюць вінтоўкі, цэляцца і страляюць менавіта па журналістах, фота- і відэааператарах, — зазначыў раней у інтэрв’ю беларускай службе Радыё “Свабода” фотакарэспандэнт "AP" Сяргей Грыц. — Я сам злавіў каптуром курткі гумовую кулю, добра, што са мной нічога не здарылася, так, чапанула трохі. А вось мой калега Васіль Фядосенка атрымаў такую ж кулю проста ў лоб, яна трапіла акурат паміж абарончымі акулярамі і каскай. Ну, нічога, нічога. Ён цяпер у нармальным стане. Вядома, ён збянтэжыўся, таму што гэта вельмі балюча і ашаламляльна».

Сяргей Грыц кажа, што, нягледзячы на моцны спартовы шлем і бронекамізэльку, стараецца не паварочвацца да стралкоў тварам, не стаяць на адным месцы, не падыходзіць блізка, не трымаць адкрыты твар, хавацца за якія-небудзь прадметы, не падыходзіць у тыя месцы, дзе пратэстоўцы кідаюць бутэлькі і камяні ў міліцыянтаў, таму што гэтае месца заўсёды пад абстрэлам. “Таксама важна пастаянна кантраляваць позіркам міліцыянтаў, таму што яны лёгка мяняюць свае газавыя і светлавыя гранаты на звычайныя камяні”, — зазначыў Сяргей.

baj.by