Юрыст — настаўнікам: Калі не праявіце ініцыятыву, адстаяць свае правы наўрад ці атрымаецца

Юрыст тлумачыць настаўнікам, якія зноў скардзяцца на патрабаванні адміністрацыі аформіць падпіску на дзяржвыданні: «Прымус да падпіскі з’яўляецца незаконным. Без настойлівасці наўрад ці атрымаецца адстаяць свае правы»

Заканчваецца каляндарны год. І на дзвярах у школьных настаўніцкіх зноў з’явіліся аб’явы з заклікам: «Прапануем правесці падпісную кампанію». Скаргі на прымусовую падпіску на дзяржаўную прэсу ад настаўнікаў чуюцца штогод. Настаўнікі абураюцца, але грошы на газеты нясуць. Між тым, юрыст, да якога звярнулася «Наша Ніва», расказвае, якім чынам можна адмовіцца ад прымусовай падпіскі.

У рэдакцыю «НН» звярнулася настаўніца з Віцебска Наталля, якая расказала, што адміністрацыя школы, у якой яна працуе, прымушае педагогаў афармляць падпіску на дзяржаўныя газеты.

«Праблеме не першы год, але вырашыць яе ніяк не можам. Вы скажаце: «Не хочаце — не плаціце». Але ўсім нязгодным адміністрацыя школы нагадвае, што мы бюджэтнікі, дзяржава плаціць нам зарплату. Маўляў, сядзіце і маўчыце. Не падабаецца — да пабачэння. А каму хочацца губляць працу?» — кажа Наталля.

Па словах жанчыны, грошы збіраюць не толькі з настаўнікаў, але таксама са школьнай адміністрацыі і бацькоў вучняў.

«Атрымліваецца каля 90 газет на школу. Збіраем на гэта прыкладна 1400 рублёў. Плюс прымушаюць афармляць падпіску на сваё імя. Мы з калегамі падлічылі. За квартал на гэта ўсё кожны выкідвае у сярэднім 40-60 рублёў. Добра яшчэ, калі б гэтыя газеты хтосьці чытаў. Але ж іх ці адносяць у бібліятэку, ці вокны імі ўцяпляюць», — кажа жанчына.

Такая аб'ява з'явілася ў адной з мінскіх школ. Фота вучняў.

Падобную гісторыю нам расказаў і настаўнік з Гомеля. Але ў яго на падпіскі пайшло ажно 75 рублёў за квартал:

«Калі мы сталі абурацца, паабяцалі нейкую частку грошай вярнуць прэміяй за снежаньскую зарплату, але нагадалі, што па законе за падпіску на перыядычныя выданні, якія выкарыстоўваюцца ў выхаваўчай працы, нам і так кампенсуецца частка выдаткаў. Маўляў, не жальцеся».

Гаворка ідзе пра пастанову Міністэрства адукацыі Беларусі ад 19 кастрычніка 2011 года № 273 «Аб вызначэнні парадку, умоў і кампенсацыі выдаткаў на набыццё вучэбнай і метадычнай літаратуры». Па гэтай пастанове настаўнікам сапраўды кампенсуюць выдаткі — 24,5% ад базавай велічыні. Улічваючы, што базавая велічыня складае 29 рублеў, то гаворка ідзе аб кампенсацыі ў 7 рублёў 1 капейку.

Па расказах педагогаў, выпісваць іх абавязваюць у асноўным рэспубліканскія выданні, а калі настаўнікі з рэгіёнаў, то яшчэ і мясцовыя. У топе добраахвотна-прымусовай падпіскі «Настаўніцкая Газета», «СБ. Беларусь сёння», «Мінскі Кур’ер», «Беларуская думка», «Звязда», «Рэспубліка», «Юный спасатель».

«Пры гэтым за свае ж грошы мы купляем метадычныя матэрыялы да ўрокаў. Да прыкладу, камплект плакатаў для майго прадмета каштуе 80 рублёў. Што рабіць, купляю», — расказвае настаўніца англійскай мовы Карына.

Як расказваюць педагогі, усім незадаволеным і нязгодным намякаюць, што ніхто нікога не трымае і працаваць не прымушае. Маўляў, сыдуць яны — наступным днём іх месцы зоймуць іншыя, лаяльныя да загадаў адміністрацыі.

Юрыст: «Адмова ад падпіскі не з’яўляецца падставай для прымянення да вас мер дысцыплінарнага спагнання»

Журналісты спыталі ў юрысткі Алены Сакаловай, што з нагоды абавязалаўкі па падпісцы на газеты і часопісы кажуць законы.

«Заканадаўства Рэспублікі Беларусь не ўтрымлівае патрабаванняў аб неабходнасці падпіскі для педагогаў на якія-небудзь выданні, нават калі гаворка ідзе пра профільныя выданні. Прымус да падпіскі з’яўляецца незаконным, — каментуе юрыстка Алена Сакалова. — Адмова ад падпіскі не з’яўляецца падставай для прымянення да вас мер дысцыплінарнага спагнання».

Вось якую параду юрыстка дае на выпадак, калі вышэйзгаданы аргумент адміністрацыі школы падаецца непераканаўчым:

«Калі вас прымушаюць падпісвацца на друкаваныя выданні, вы маеце поўнае права праігнараваць гэты прымус. Не дапамагае — папрасіце даць хаця б адзін афіцыйны дакумент, які абавязвае вас падпісацца на друкаванае выданне. Такіх дакументаў няма. Не дапамагае нават гэта? У такім выпадку раю нагадаць адміністрацыі вашай школы пра існаванне дадатку 1.1 інструкцыйна-метадычнага ліста «Аб правядзенні інфармацыйных і класных гадзін» ад 30 студзеня 2018 года, у якім Міністэрства адукацыі «звяртае ўвагу на недапушчальнасць прыцягнення да набыцця дапаможнікаў і падпіскі на перыядычныя выданні за асабістыя грашовыя сродкі педагагічных работнікаў».

Хочацца сказаць вось яшчэ што. Пра праблему з абавязковымі падпіскамі ў школах я чую кожны год. І кожны год чую адны і тыя ж аргументы ад педагогаў: «Ведаем, што незаконна, але падпісваемся, таму што баімся страціць працу». Але вось у чым я ўпэўненая: без праўлення ініцыятывы і настойлівасці адстаяць свае правы наўрад ці атрымаецца.

Калі баіцеся, што пасля адмовы падпісацца на газеты на вас пачне ціснуць школьная адміністрацыя, раю адмовіцца ў пісьмовай форме, каб потым было што прад’явіць вышэйстаячым органам або суду. Упэўненая, што прымусовую здачу грошай неадпаведнай Працоўнаму кодэксу прызнае нават беларускі суд. Некалькі такіх спраў — і сітуацыя зменіцца».

«Наша Ніва»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: