Каардынатар БХД Гайдукоў аштрафаваны за распаўсюджванне ўлётак
Каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Андрэй Гайдукоў аштрафаваны на 2 базавыя велічыні за распаўсюджванне ўлётак.
Як паведамляе сайт праваабаронцаў www.spring96.org, распачатую ў дачыненні да яго адміністрацыйную справу разглядаў намеснік начальніка наваполацкай міліцыі Уладзімір Быкаў. Актывіст вінаватым сябе не прызнаў і доказы міліцыі лічыць неабгрунтаванымі.
30 снежня на Гайдукова быў складзены пратакол па ч. 2 арт. 21.14 КоАП (парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў). Яго абвінавацілі ў распаўсюджванні ўлётак аб кампаніі
«За якасную медыцыну».
Да матэрыялаў справы міліцыянеры далучылі паказанні «жанчыны, якая пажадала застацца невядомай». Яна паказала, што 15 снежня бачыла «хлопца, які расклейваў
улёткі». З гарадскога аддзела міліцыі быў адпраўлены запыт камунальшчыкам, ці звяртаўся да іх хто-небудзь па дазвол на размяшчэнне ўлётак на спецыяльных інфармацыйных стэндах, якія
размешчаныя ў дварах і каля пад'ездаў жылых дамоў. Адмоўны адказ у ЖЭС № 1 таксама прыкладзены да справы. У ім ёсць і яшчэ адзін матэрыял, які Андрэй Гайдукоў лічыць зусім недарэчным
— раздрукоўка артыкула з сайта , у якім размова ішла аб тым, што 21 снежня ў Наваполацку праходзіў збор подпісаў у межах кампаніі "За якасную медыцыну". Якое дачыненне гэтая
падзея мае да ўлётак, Гайдукову не растлумачылі.
Месяц таму Гайдукоў ужо быў аштрафаваны за тое, што 16 лістапада праводзіў у Наваполацку пікет, прысвечаны зніклым палітыкам. Цяпер ён спрабуе абскардзіць рашэнне Наваполацкага суда. Разгляд
касацыйнай скаргі ў Віцебскім абласным судзе прызначаны на 13 студзеня.