Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову назвалі журналісткамі года на фестывалі «PRIX Europa»
Фестываль «PRIX Europa» — найбуйнейшая журналісцкая імпрэза кантынента, якая яднае анлайн-выданні, тэлебачанне і радыё, піша «Свабода».

Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева
Лаўрэатаў «PRIX Europa — 2021» абʼявілі ў Патсдаме 15 кастрычніка. Лаўрэат гэтай прэміі 2017 года, турэцкі журналіст Кан Дзюндар выказаў падзяку Кацярыне Андрэевай і Дарʼі Чульцовай за смеласць і волю, за тое, што яны, рызыкуючы сваім жыццём, расказваюць праўду і «трымаюць голас незалежнай журналістыкі і свабоды слова».
«Важна цвёрда стаяць на прынцыпах дэмакратыі, правоў чалавека і свабоды прэсы. І падтрымліваць тых, хто змагаецца за гэтыя прынцыпы. Паважаная Кацярына Андрэева, паважаная Дарʼя Чульцова, менавіта з гэтай нагоды мы ў "PRIX Europa" хочам падтрымаць вашу барацьбу і ўшанаваць вас званнем "Еўрапейскі журналіст года"», — заявіў Кан Дзюндар.
Зняволеных журналістак Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову вылучылі на прэмію ад імя «Польскага тэлебачання». За вылучэнне журналістак падпісаліся каля 200 прадстаўнікоў медыя.