Кадэт з «Пагоняй»: Я не шкадую, што так зрабіў

Мікіта Гвоздзеў, якога пяць гадоў таму адлічылі з кадэцкай вучэльні, расказаў Салідарнсасці пра гісторыю з "Пагоняй" і пра сябе сённяшняга і сваіх таварышаў на фота.

Фота з інстаграм Мікіты

Фота з інстаграм Мікіты


— Я не шкадую, што так зрабіў. Хлопцы таксама да гэтага паставіліся нармальна. Тады нам здавалася, што гэта звычайная справа, патрыятызм. Думалі, што такім фота ўжо нікога не здзівіш —  успамінае Мікіта падзеі кастрычніка 2015-га.


У выпускным фотаальбоме вучэльні за 2017 год Мікіты няма. Ён распавёў, што забраў дакументы праз некалькі месяцаў пасля той гісторыі:

— Трэцюю чвэрць пасля Новага года я ўжо вучыўся ў сваёй роднай школе.

Хлопец кажа, што яго рашэнне перавесціся ў школу не было звязана з ціскам адміністрацыі:

— Выкладчыкі да сітуацыі паставіліся з разуменнем. Зразумела, што дырэктару прыляцела па шапцы. З намі правялі выхаваўчую гутарку, пазбавілі на тыдзень звальненняў за парушэнне формы адзення.

Наш суразмоўца кажа, што пасля той гісторыі кадэты перасталі публікаваць падобныя фота: "ідэі ў галаве засталіся, але здымкі больш нікуды не ішлі".

Зараз Мікіта заканчвае універсітэт. Адзін з удзельнікаў фота з "Пагоняй" пасля заканчэння вучэльні з'ехаў працягваць вучобу за мяжу. Двое іншых вучацца ў Беларусі. Маладыя людзі падтрымліваюць кантакт.

— Я застаўся ранейшым, пры сваіх ідэях. Аб хлопцах шмат чаго не скажу, але не думаю, што іх сустрэну на вуліцы ў балаклавах.