Калі ўлада толькі руйнуе — гэта эмблема паразы

Маркіраваны аўтазак указвае на тое, што ўлада распалася на дастаткова і недастаткова «пазначаную». Ціхан Чарнякевіч на budzma.by пра стратэгію пратэстаў і пошук дыялогу.



Фота twitter.com

Фота twitter.com


Лета, калі спалоханыя сваёй жа карнай аперацыяй улады выкарыстоўвалі тактыку «выпускання пары», прайшло. Сумленне пахаванае, пратэст увайшоў у доўгатэрміновую фазу. На гэтым фоне няпроста адчуць прыліў сіл і энергіі, як у кожнай творчасці, якая ператвараецца ў працу. Тым не менш нагоды для расчаравання я не бачу. Скажу нават больш: ацверажэнне ад эмоцый заўсёды ідзе на карысць. Пачынаюць праглядацца некаторыя элементы стратэгіі і перспектывы.
Асноўны вораг кожных, у тым ліку цоеўскіх, культурніцкіх, палітычных, эканамічных (якіх заўгодна!) пераменаў, — інертны характар чалавечага жыцця. Штодня мы рухаемся па адных і тых жа маршрутах, як мага больш зручных і найкарацейшых. І няважна, што гэта ўласная хата, 29-ы тралейбус, сіняя лінія метро, праезд картэжу ад Астрашыцкага гарадка альбо ўсталяванне калючага дроту вакол стэлы «Мінск — горад-герой».
У сваю чаргу, асноўны вораг незацікаўленага ў пераменах — пастаяннае стварэнне новага парадку дня.
Пры старым парадку дня за яго складанне адказвае адзін стваральнік. З цягам часу, калі ідуць гады, а ў выпадку недэмакратычных формаў кіравання — дзесяцігоддзі, фігура стваральніка робіцца ўсё больш сакральнай. Часта гэта адбываецца з удзелам самой фігуры і яе атачэння.
Вакол фігуры распаўсюджваецца арэол таямніцы, флёр усемагутнасці і наогул працуюць усе гэтыя штучкі з нейралінгвістычным праграмаваннем. Траціцца на гэта велізарная колькасць рэсурсаў і дыму з дым-машыны. Больш, чым на канцэрце сясцёр Груздзевых.
Як дзейнічае новы парадак дня? Гэтаксама як быццам нехта пачаў «размахваць рукамі». Дым развейваецца, і раптам адтуль вылазіць чыясьці крывая нага. Рука з катэтарам. Блытаная, ні на чым не засяроджаная гутарка і краёчак спалоханага твару. І ўрэшце ўвесь «чараўнік» краіны Оз — пасрэдны цыркач са штата Небраска.
Пастаянныя крэатыўныя высілкі не дазваляюць пратэснаму руху застацца на хвалі інерцыі (маўляў, «хадзем да стэлы»). Інерцыя немагчымая, калі ты шукаеш выйсце (і часам гэта зусім не метафара). Але не толькі яму. Ваенізаваная машына сілавых структур, з яе тунэльным зрокам і дурной метадычнасцю, таксама вымушаная змяняцца. А кожная змена нараджае дробную маторыку, што ўплывае на здольнасць мысліць, нават калі звычка да мыслення не надта каб фармавалася ў мінулыя гады. Скажам так, яно прачынаецца, і часам пачынаеш думаць, што ўпёрся ілбом у нейкую сцяну, хоць учора яшчэ ты думаў, што сам з’яўляешся сцяной.
Атрады, зацыкленыя на гвалце, дзейнічаюць проста: мы іх усіх паб’ём, асудзім па скайпе, перасаджаем, згноім у ізалятарах — і ўсё наладзіцца. Праблема адна: нічога не наладжваецца. Адчуваеш сябе як кот, якога скідваюць са спіны: ты нібыта ўчапіўся кіпцюрамі, гаспадару яўна балюча, але ляціш, што рабіць, і адчуваеш, што ляціш, і трэба мяняць тактыку, каб не грымнуцца галавой аб падлогу.
Можа быць, мне скажуць, што аніякага палёту няма, наадварот — пратэстоўцаў ядуць, адразаючы па кавалачках. У мяне ёсць пэўныя назіранні, што гэта не так. І рэч тут у абранай «іншым бокам» стратэгіі.
Так, гэта не зусім відавочна, але гуманітарная навука кажа: аўтазак і аўтазак з увапхнутым у кабіну чырвона-зялёным сцягам — гэта два розныя аўтазакі.
Жодзінская турма і жодзінская турма з велізарнымі флагштокамі і, зноў жа, вядомымі сцягамі — гэта дзве розныя пенітэнцыярныя ўстановы.
Розніца тут палягае ў аб’ёме паняцця.
У першым выпадку мы маем нейтральны, у другім — маркіраваны аб’ект.
Вайсковая машына семантычна належыць да сілавых структур. Яны апрыёры частка дзяржавы, адпаведна — складовая ўлады.
Маркіраваны аўтазак указвае на тое, што ўлада распалася на дастаткова і недастаткова «пазначаную».
Тое, што мусіла б стаць знакам узмацнення, само сабой накрэслівае разлом, раскол у маналіце.
Акрамя таго, маркіраванне з’яўляецца не новаўвядзеннем, а рэакцыяй на пратэст, з іншымі сімваламі. Яно ў выніку несамастойнае. Яно — толькі млявая дурная спроба адказу на зададзенае грамадствам пытанне.
Фактычна, дыялог ідзе, і паводле гамбургскага рахунку. І пытанне задаюць далёка не сілавікі. Наадварот, падаецца, што яны ўмеюць толькі гаварыць «бам! бам! бам!» і, акрамя табельнай зброі, ніякай іншай прапановы высунуць не могуць.
Бо ў «іншага боку’’, не ў сілавікоў адных, проста няма нічога. Толькі жаданне разбурыць. Пасля сябе яны пакідаюць бясконцыя знакі разбурэння, і рэальныя, і сімвалічныя: садраць, перамаляваць, засыпаць, зрэзаць, перакруціць у словах. На жаль, у пераліку гэтых разбурэнняў — і чалавечыя жыцці.
Не трэба падманвацца, што гэтая стратэгія — энергія пошуку нейкага выйсця. Пошук прадугледжвае акурат той самы дыялог; у пошуку ёсць набытак і страта, плюсы і мінусы. У нашай жа сітуацыі ёсць толькі жаданне дэструкцыі: разбурыць яўнае, адмовіць у прапанове, фальсіфікаваць усім вядомае, абылгаць праўдзівае. Гэта не пошук і не дыялог нават на долю працэнта.
A значыць, улада адкрыта пазіцыянуе сябе як пусты знак. Чвэрць стагоддзя кіравання не вынайшлі нічога. Толькі пустку, нежыць, якая хоча паглынуць усё жывое.
Заканамерны, паказальны і павучальны вынік.
Ціхан Чарнякевіч, budzma.by