Калі запрацуе Чырвоны касцёл? Што кажуць чыноўнікі

Работы ў касцёле Святога Сымона і Алены на плошчы Незалежнасці пачнуцца ў наступным годзе. А толькі пасля іх правядзення прымуць рашэнне аб аднаўленні дзейнасці храма. Пра гэта падчас прыёму грамадзян заявіў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран.

_kascel___czyrvony_kascel___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_logo.jpg

У сталічнага чыноўніка пацікавіліся, калі Чырвоны касцёл будзе адкрыты для вернікаў, піша «Люстэрка».

«Рэканструкцыя храма вядзецца па плане, працы не спыняліся ні на адзін дзень, гэта можа пацвердзіць прысутны тут дырэктар КУП „Мінская спадчына“. Падрыхтавана праектная дакументацыя, і ў першым квартале 2024 года павінны пачацца работы ў будынку. Пасля іх завяршэння будзе прынята рашэнне аб аднаўленні дзейнасці Касцёла», — адказаў Цуран.

Глядзіце таксама

Нагадаем, 26 верасня 2022 года ў касцёле пры нявысветленых абставінах здарыўся невялікі пажар, пасля якога раённая адміністрацыя забараніла эксплуатацыю будынка, унутр перасталі пускаць вернікаў і святароў.

6 кастрычніка таго ж года стала вядома, што ўлады прынялі рашэнне разарваць пагадненне з суполкай парафіі Святых Сымона і Алены аб бязвыплатным карыстанні будынкам Чырвонага касцёла. Сам будынак знаходзіцца ва ўласнасці горада Мінска. Пазней улады заявілі, што храм забралі для правядзення рамонту.

Нагадаем таксама, што ўлады патрабуюць аплаціць рахунак «Мінскай спадчыны» за «амартызацыю Касцёла і падаткі на карыстанне зямлёй». Квота сумы невядомая, аднак летам 2020 года запазычанасць каталіцкай абшчыны перад прадпрыемствам складала 156 тысяч рублёў.

Яшчэ 13 тысяч яна была абавязаная плаціць штомесяц.