Каля 50 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода сабраліся на плошчы Леніна ў Брэсце

Інцыдэнтаў і затрыманняў не было. Падставай для сустрэчы стала чарговае затрыманне ў мінулую пятніцу блогера Сяргея Пятрухіна і маючы адбыцца 30 ліпеня суд над ім, паведамляе Радыё Свабода.

accu.jpg

27 ліпеня, калі Пятрухін выходзіў з дому, да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі і заявілі, што ім трэба агледзець яго кватэру. Блогер адмовіўся, таму што яму не патлумачылі, на якіх падставах ён павінен пусціць іх у кватэру.
Яго затрымалі і павезлі ў Ленінскі РАУС. 24 ліпеня заказным лістом Пятрухін атрымаў позву ў Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта — на яго завялі крымінальную справу за абразу. Сам блогер не можа сказаць, з чым звязана гэтая справа. Пятрухін апошні час здымае шмат відэа на тэму пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. 12 траўня ў яго правялі ператрус, канфіскавалі кампутар, планшэт, фотаапарат і тэлефон. Гэтыя рэчы яму не вярнулі да гэтага часу.
Удзельнікі сённяшняй сустрэчы абмяркоўвалі таксама разгляд 31 ліпеня касацыйнай скаргі на рашэнне Эканамічнага суда Брэсцкай вобласці, які ў канцы чэрвеня задаволіў пазоў ТАА «АйПауэр», што будуе акумулятарны завод, да блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава.
Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, ніякіх інцыдэнтаў падчас сённяшняй сустрэчы не адбылося. За ёй традыцыйна назіралі супрацоўнікі міліцыі.
Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Будуе прадпрыемства ТАА «АйПауэр» — рэзыдэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА «Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Мясцовыя жыхары лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Сустрэчы праціўнікаў будаўніцтва завода праходзяць на плошчы Леніна кожную нядзелю з 25 лютага.