Камітэт па правах чалавека прызнаў парушэнне права на жыццё Паўла Селюна

Камітэт па правах чалавека ААН апублікаваў рашэнне, прынятае па звароту Паўла Селюна, асуджанага да смяротнага пакарання ў Беларусі 12 чэрвеня 2013 года. 



sjaljun.jpg

Фота з дакументаў Паўла Селюна. Фота з сайта spring96.org

Інтарэсы Селюна па даверанасці прадстаўляў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда. Камітэт адзначае: права на жыццё ў адпаведнасці з артыкулам 6 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, было парушана, паколькі аўтар быў прысуджаны да смяротнага пакарання ў выніку несправядлівага судовага разбіральніцтва.

У Паведамленні № 2289/2013 Камітэт адзначае, што "дзяржава-ўдзельніца не прыняла да ўвагі просьбу Камітэта аб прыняцці часовых захадаў, прывёўшы ў выкананне смяротны прысуд, перш чым Камітэт завяршыў разгляд дадзенага паведамлення.

Камітэт нагадвае, што часовыя захады ў адпаведнасці з правілам 92 Правілаў працэдуры, маюць найважнейшае значэнне для недапушчэння непапраўнай шкоды ахвяры мяркуемага парушэння. Грэбаванне гэтым правілам, асабліва шляхам прыняцця непапраўных захадаў, такіх, як выкананне смяротнага прысуду, адмаўляе магчымасці абароны правоў, прадугледжаных Факультатыўным пратаколам.

Камітэт адзначае, што, нягледзячы на прыкметы таго, што аўтар стаў ахвярай катаванняў, і што дзяржава-ўдзельніца не прадставіла аніякай інфармацыі, каб прадэманстраваць, што ўлады правялі расследаванне гэтых канкрэтных сцвярджэнняў. У дадзеных абставінах Камітэт прыйшоў да высновы, што сцвярджэнні аўтара мусяць быць прызнаныя важкімі. Адпаведна, Камітэт прыходзіць да высновы, што прадстаўленыя яму факты сведчаць аб парушэнні правоў аўтара ў адпаведнасці з артыкулам 7 Пакта.

Камітэт далей адзначае сцвярджэнні, што аўтар падвяргаўся катаванням і вымушаны быў прызнаць сваю віну ў здзяйсненні шэрагу злачынстваў. Інфармацыя, атрыманая ў выніку прымянення катаванняў, павінна быць выключаная з доказнай базы. У адсутнасць якой-небудзь інфармацыі ад дзяржавы-ўдзельніцы ў гэтай сувязі Камітэт заключае, што прадстаўленыя яму факты сведчаць аб асобным парушэнні правоў у адпаведнасці з артыкулам 14 (3) (d) Пакта.

Камітэт далей адзначае заявы аўтара аб тым, што ў ягонай справе не быў выкананы прынцып прэзумпцыі невінаватасці, таму што ён мусіў насіць кайданкі і ўтрымліваўся ў металічнай клетцы падчас судовых слуханняў, а таксама быў вымушаны хадзіць з апушчанай галавой. На аснове наяўнай у яго інфармацыі, а таксама ў адсутнасці якой-небудзь іншай адпаведнай інфармацыі або аргументацыі з боку дзяржавы, Камітэт лічыць, што прадстаўленыя факты дэманструюць, што права сп. Селюна лічыцца невінаватым, гарантаванае артыкулам 14 (2) Пакта, было парушана.

У гэтым кантэксце Камітэт адзначае, што на працягу больш чым шасці месяцаў дасудовага ўтрымання пад вартай аўтар не меў эфектыўнага і пастаяннага доступу да адваката, і што большасць следчых дзеянняў, такіх як перакрыжаваны допыт і допыты адбываліся ў адсутнасць адваката.

Права на жыццё ў адпаведнасці з артыкулам 6 Пакта, было парушана, паколькі аўтар быў прысуджаны да смяротнага пакарання ў выніку несправядлівага судовага разбіральніцтва. Камітэт адзначае, што гэтыя сцвярджэнні не былі абвергнутыя дзяржавай-удзельніцай. Камітэт зноў заяўляе, што вынясенне смяротнага прысуду з выніку судовага разбіральніцтва, у якім палажэнні артыкула 14 Пакта не былі выкананыя, з'яўляецца парушэннем артыкула 6 Пакта.

Камітэт лічыць, што прадстаўленыя яму факты сведчаць аб парушэнні правоў сп. Селюна ў адпаведнасці з артыкулам 6, 7, 9 (3), 14 (2) і (3) (b), (d) і (g) Пакту. Дзяржава-ўдзельніца таксама парушыла свае абавязальніцтвы ў адпаведнасці з артыкулам 1 Факультатыўнага пратаколу.

Дзяржава-ўдзельніца абавязуецца, у прыватнасці, правесці бесстаронняе, эфектыўнае і стараннае расследаванне заяваў аб катаваннях, ініцыяваць судовы пераслед вінаватых і забяспечыць адэкватную грашовую кампенсацыю за страту жыцця аўтара і пакрыццё панесеных судовых выдаткаў. Дзяржава-ўдзельніца таксама абавязаная не дапускаць падобных парушэнняў у будучыні, а ў святле сваіх абавязальніцтваў у адпаведнасці з Факультатыўным пратаколам, супрацоўнічаць у духу добрай волі з Камітэтам, у прыватнасці, шляхам выканання яго патрабаванняў аб часовых захадах”.

17 верасня 2013 года Вярхоўны суд разглядзеў касацыйную скаргу Паўла Селюна на прысуд Гродзенскага абласнога суда і вынес вызначэнне пакінуць у сіле прысуд першай інстанцыі.

Маці Паўла Селюна звярталася да кіраўніка дзяржавы з просьбаю аб памілаванні сына, прасіла тагачаснага кіраўніка Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта з просьбай звярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі, каб яе сына памілавалі і замянілі смяротнае пакаранне на альтэрнатыўнае — пажыццёвае зняволенне. Сам Павел таксама звяртаўся з прашэннем аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Аднак — безвынікова.

Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў зварот ад імя Паўла Селюна. Паводле п. 92 Правілаў працэдур Камітэта дзяржава не павінна прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду звароту па сутнасці ў ААН. Аднак 18 красавіка 2014 года маці Паўла Селюна даведалася ад адваката, што прысуд прыведзены ў выкананне. Адвакат прыйшла на сустрэчу з падабаронным, аднак у СІЗА ёй паведамілі, што Сялюн “убыл по приговору”. На звычайнай мове гэта значыць расстрэл.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, каментуючы рашэнне КПЧ ААН па справе Паўла Селюна адзначае наступнае:

—  Гэта ўжо шосты зварот, разгледжаны ў Камітэце ААН па правах чалавека, у якім у чарговы раз адзначанае парушэнне права на жыццё і права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Пры гэтым Камітэт адзначыў, што вырак быў прыведзены ў выкананне ў парушэнне 92 правіл Працэдуры часовых мер, згодна з якімі Рэспубліка Беларусь не мела права прыводзіць у выкананне гэты прысуд.

Працэс імплементацыі гэтага рашэння пачынаецца з моманту апублікавання яго на рускай мове і на працягу 180 дзён дзяржава-ўдзельніца павінна прадставіць інфармацыю аб захадах, прынятых для ажыццяўлення меркаванняў Камітэта. Акрамя таго, ён просіць дзяржаву-ўдзельніцу апублікаваць меркаванні і шырока распаўсюдзіць іх на беларускай і рускай мовах.

 

Нагадаем, 12 чэрвеня 2013 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Паўла Селюна вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: арт.139 ч.2 пункты 1 і 6 (забойства дзвюх асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю); арт.205 ч.1 (крадзёж); арт. 347 ч.1 (здзек над трупамі), ст.378 (крадзёж асабістых дакументаў), і па сукупнасці злачынстваў вынес прысуд аб прымяненні выключнай меры пакарання — смяротнай кары.

 

spring96.org