ААН: Расійскія самалёты бамбяць шпіталі і хлебакамбінаты ў Сірыі

Каля 260 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы ў Сірыі выніку расійскіх паветраных нападаў.



94b59b7c_cd40_4851_a1f8_2bdc5e1add56_w640_r1_s.jpg

Расійская паветраная кампанія ў Сірыі прывяла да рэзкага скарачэння паставак гуманітарнай дапамогі ў гэтую краіну, што рэзка ўзмоцніць гуманітарны крызіс, паведаміла ў панядзелак газета The Washington Post са спасылкай на адмысловую справаздачу ААН і паведамленні няўрадавых арганізацыяў.

Пасля таго, як турэцкія знішчальнікі збілі расійскі ваенны самалёт побач з турэцка-сірыйскай мяжой, Расія рэзка павялічыла інтэнсіўнасць паветраных удараў па пазіцыях апазіцыйных сірыйскіх груп, якія дзейнічаюць на сірыйскай тэрыторыі, прылеглай да мяжы з Турэччынай. Аб’ектамі нападаў сталі прапускныя пункты на мяжы паміж дзвюма краінамі і шашы, па якіх паступалі гуманітарныя грузы. Гэта прымусіла многія арганізацыі перапыніць пастаўкі, што закранула мільёны сірыйцаў, якія жывуць у гэтым рэгіёне, гаворыцца ў дакладзе ААН. Паводле звестак ААН, з пачатку паветранай кампаніі прынамсі 20 медыцынскіх устаноў сталі аб’ектамі расійскіх паветраных удараў.

The Washington Post цытуе прадстаўнікоў некалькіх гуманітарных арганізацыяў, якія паведамляюць, што расійская авіяцыя наносіць ўдары па грамадзянскай інфраструктуры, уключаючы збожжасховішча, хлебакамбінат, водаачышчальныя збудаванні, цэнтр размеркавання гуманітарнай дапамогі. Супрацоўнік ААН паведаміў газеце, што каля 260 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы ў выніку расійскіх паветраных нападаў.

 

www.svaboda.org