Кампанія па зборы сродкаў на штрафы блогера Сяргея Пятрухіна заблакаваная

Блогеру паведамілі, што збор сродкаў на штрафы можа быць расцэнены як спроба ўхілення вінаватай асобай ад прызначанага пакарання.

siarhei_1.jpg

На платформе MolaMola заблакаваны збор сродкаў на пагашэнне вялізнага штрафу, які суд Ленінскага раёна абавязаў выплаціць блогера Сяргея Пятрухіна.
Як распавёў «БГ» Сяргей Пятрухін, збор быў зачынены 5 мая. Ён атрымаў ліст ад сэрвісу MolaMola, у якім гаворыцца, што пры падрабязным разглядзе яго кампаніі была выяўлена яе неадпаведнасць бягучаму заканадаўству Беларусі ў частцы збору сродкаў на штрафы, бо «такая дзейнасць можа быць расцэненая як спроба ўхілення вінаватай асобай ад прызначанага пакарання» .
«У сувязі з гэтым мы вымушаны спыніць збор сродкаў», — гаворыцца ў лісце, атрыманым блогерам.
Па словах Пятрухіна, ён паспеў зняць грошы, якія яму пералічылі праз гэты сэрвіс.
Атрымаць аператыўны каментар у кампаніі, якой належыць MolaMola, 8 траўня «БГ» не ўдалося.

siarhei_2.png

Разам з тым на электронную пошту рэдакцыі 6 траўня прыйшла копія ліста, які нібыта быў дасланы ў тым ліку і ўладальніку сэрвісу. Аўтар звароту патрабуе прыпыніць збор грошай для Пятрухіна, паколькі гэты штраф — пакаранне па крымінальнай справе.
Нагадаем, 18 красавіка суд прызнаў Сяргея Пятрухіна вінаватым у публічных паклёпе і абразе міліцыянтаў і прысудзіў да штрафу ў памеры 360 базавых (9 180 рублёў) у даход дзяржавы, а таксама абавязаў пакрыць маральную шкоду пацярпелым супрацоўнікам міліцыі (у агульнай складанасці 7 500 рублёў) і выдаткі на адваката.
Праз некалькі дзён пасля суда УУС Брэсцкага аблвыканкама заявіла, што грошы, якія пералічыць блогер міліцыянтам пасля ўступлення прысуду ў законную сілу, яны пералічаць падшэфным дзіцячым дамам.
Дзяржабвінаваўца прасіў для Пятрухіна два гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу і штраф у 100 базавых.
Сяргей Пятрухін вядомы сваімі відэаролікамі на вострыя сацыяльныя тэмы. З 2018 году разам з блогерам з Бярозы Аляксандрам Кабанавым на YouTube-каналах «Народны рэпарцёр» і «YouTube-дэпутаты» асвятляе тэму будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода. За сваю актыўнасць блогеры неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. Іх затрымлівалі і штрафавалі на буйныя сумы. Аплачваць штрафы Пятрухіну і Кабанаву дапамагаюць людзі.
Паводле b-g.by