Канцлагер у цэнтры Еўропы. Некалькі высноваў са скандальнага гуказапісу

Фактычна ўлады разглядаюць барацьбу супраць народнага пратэсту як вайну. А на вайне іншыя правілы, чым падчас грамадска-палітычнага канфлікту, піша ў сваім блогу на «Свабодзе» Валер Карбалевіч



vas_vot_marsh_oct25_20201025_027_logo.jpg

З гуказапісу выступу чалавека, голас якога нагадвае голас цяперашняга намесніка міністра ўнутраных спраў палкоўніка міліцыі Мікалая Карпянкова, мы даведаліся шмат цікавых дэталяў пра расправу над беларускімі грамадзянамі.

Выступоўца распавядае пра змест нарады ў Лукашэнкі. Можна меркаваць, што ён сваімі словамі перадае сэнс ягоных указанняў. То бок сілавікі атрымліваюць інструкцыі па разгону пратэстоўцаў непасрэдна ад Лукашэнкі. Выглядае, што жорсткасць, катаванні, якія прымяняюць амапаўцы, — гэта не іх уласная ініцыятыва, а выкананне згаданых інструкцый.

Дзеля нанясення большай шкоды жывой сіле праціўніка, то бок пратэстуючым беларусам, закупілі ў Расеі 100 пісталетаў Ярыгіна. Як можна зразумець з словаў выступоўцы, гэтая зброя траўматычная, але мала адрозніваецца ад баявой. Нагадаю, што расейскія афіцыйныя асобы нямала крытыкавалі беларускія ўлады за «празмернае ўжыванне сілы». І вось цяпер высвятляецца, што адначасова Расея паставіла беларускім сілавікам такую небяспечную зброю. Таму ўсе падобныя заявы расейскіх чыноўнікаў выглядаюць трохі крывадушнымі.

Выступоўца дае загады пратэстуючых грамадзян не шкадаваць: «Альбо пакалечыць, альбо знявечыць, альбо забіць. Ужываць зброю яму проста ў лоб, проста ў твар, проста туды, пасля чаго ён ужо ніколі, атрымліваецца, не вернецца ў той стан, у якім ён знаходзіўся. Ну, адкачаюць дык адкачаюць. Не будзе ў яго паловы галаўнога мозгу, ну, туды яму і дарога».

Яшчэ адна вельмі паказальная рэпліка, якая пераказвае змест нарады ў Лукашэнкі: «Таму што ў асноўным усе тыя, хто выходзіць на вуліцы на гэты момант паўдзельнічаць у „рэйкавай вайне“, атрымліваецца, тыя, якія блакуюць дарогі, нападаюць на міліцыянтаў, кідаюць кактэйлі Молатава, — тыя ж тэрарысты. Гэта лішнія людзі ў нашай краіне. І гэтаму сёння было прысвечана вельмі-вельмі шмат, на той невялікай нарадзе».

Глядзіце, як хітра ў адну кучу аб’яднаныя мірныя дэманстранты і грамадзяне, якія аказваюць сілавы супраціў: «усе тыя, хто выходзіць на вуліцы на гэты момант паўдзельнічаць у „рэйкавай вайне“». То-бок паміж тымі, хто выходзіць на вуліцу пратэставаць, і тымі, хто псуе чыгунку, пастаўлены знак роўнасці, іх аб’ядналі адной фразай і абвясцілі тэрарыстамі.

Сілавікам даецца поўны карт-бланш на расправу, бо «кіраўніком дзяржавы мы прыкрытыя з усіх бакоў у плане прымянення зброі».

Не павінна быць ніякіх аглядак на міжнародную рэакцыю, на рэпутацыю краіны ў свеце. Цяпер усё гэта адкінута. Выступоўца кажа: «Прыйшоў іншы час. Час, атрымліваецца, жорсткіх дзеянняў з аглядкай на, скажам так, палітычныя моманты, бо мы, атрымліваецца, краіна, якая інтэграваная ў сусветную супольнасць і абавязаная выконваць шэраг пэўных дзеянняў для таго, каб мы не выглядалі як ізгоі — вось гэты час, ён скончыўся. Настаў іншы час, і гэта час, атрымліваецца, патрабуе больш маладых, больш рашучых людзей, якія пераступілі цераз сябе».

Можна меркаваць, што голас на гуказапісе пераказвае думку Лукашэнкі, бо палкоўнік міліцыі наўрад ці павінен думаць пра такія палітычныя рэчы. Але паказальна, што стаўка рэжыму робіцца на людзей у сілавых структурах, «якія пераступілі цераз сябе». Што гэта азначае, лёгка здагадацца, зважаючы на колькасць збітых і катаваных.

У сваім блогу ад 3 лістапада 2020 года я выказаў думку, што Беларусь можа ператварыцца ў адзін вялікі канцлагер. Цяпер высвятляецца, што на нарадзе ў Лукашэнкі напрыканцы кастрычніка гаворка сапраўды ішла пра стварэнне канцлагера. Вось як гэты сюжэт выглядае ў пераказе чалавека, голас якога падобны да голасу Мікалая Карпянкова:

«Ствараецца база даных. У гэтай базе дадзеных, хто трапіў другі раз, той павінен там і застацца. Сказана: распрацаваць, зрабіць лагер, зрабіць лагер, ну, не для ваеннапалонных і не для інтэрнаваных нават, а лагер для асабліва востракапытных такі... для адсялення. І паставіць калючы дрот па перыметры. Два памяшканні зрабіць: топка — паверх, кормім — паверх, каб працавалі. Але там іх трымаць, пакуль усё не супакоіцца».

Гэты лагер плануецца стварыць на базе папраўчай калоніі № 22 у г. Івацэвічы. Прычым трымаць там будуць бестэрмінова. Параўнанне з ваеннапалоннымі прыводзіцца невыпадкова. Бо фактычна ўлады разглядаюць барацьбу супраць народнага пратэсту як вайну. А на вайне іншыя правілы, чым падчас грамадска-палітычнага канфлікту.

І апошні тэзіс. Выступоўца кажа: «Нездарма міністр казаў: усё трымаецца на органах унутраных і шэрагу падраздзяленняў — унутраныя войскі, ГУУС, АМАП, наша падраздзяленне і вышук з намі».

То-бок ніякіх ілюзій, што ўлада трымаецца на падтрымцы народу, у генералаў і палкоўнікаў няма. Яны добра разумеюць сітуацыю, не вераць БТ, усведамляюць, што рэжым трымаецца на грубай сіле. Пра што і кажуць адкрыта ў сваім коле.