Канфіскаваны тэлевізар Скрабцоў прадаецца за 2 мільёны рублёў

Увечары 16 мая ў бацькоў былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў і былога палітвязня канфіскавалі тэлевізар.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Гэта зрабілі судовы выканаўца Першамайскага раёну Мінску Марына Алісевіч і дырэктар крамы ААТ «БелСпецСбыт» (Продаж канфіскату і закладной маёмасьці) Ілля Кобрынскі.

Пра гэта "Радыё Свабода" паведаміў Сяргей Скрабец:

«Я сказаў ім, што мой бацька — заслужаны работнік прамысловасці БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. Можа б, пашкадавалі старога, ён зусім слабы пасля інсульту.

На гэта спадар Кобрынскі мне адказаў так: заслужаных шмат. Я таксама заслужаны хакеіст.

Тэлевізар ацэнены ў два мільёны беларускіх рублёў. Яго выставяць на сайт крамы. Я паглядзеў гэты сайт і проста адурнеў ад убачанага. Аказваецца, тэлевізар — гэта дарагая рэч. Там ёсць два пэндзлікі, тачылка, тры алоўкі... Зусім, значыць, казна пустая!»

Сяргей Скрабец быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 2-га склікання Нацыянальнага сходу Беларусі (2000–2004 гады). Некаторы час узначальваў нефармальную дэпутацкую групу «Рэспубліка». Летам 2004 года разам з дэпутатамі з гэтай групы Уладзімерам Парфяновічам і Валерам Фраловым правялі галадоўку пратэсту супраць трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі і супраць унясення паправак у выбарчае заканадаўства. Дэпутаты таксама патрабавалі вызваліць палітвязня Міхаіла Марыніча. Быў адным з арганізатараў акцыі пратэсту, прымеркаванай да 10-годдзя прэзідэнцтва Лукашэнкі.

Пасля затрымання ў маі 2005 года Сяргея Скрабца звінавацілі ў выманванні крэдытаў і ў лютым 2006-га асудзілі на два з паловай гады. Разам з Аляксандрам Казуліным у калоніі «Віцьба-3» трымаў галадоўку. Рашэннем пракуратуры Сяргея Скрабца амніставалі, скараціўшы тэрмін на год, і вызвалілі 15 лістапада 2006 года.

www.svaboda.org