Кантроль на межах Шэнгенскай зоны
Працягваецца другі тыдзень кантролю на межах Шэнгенскай зоны ў рамках апэрацыі „Моs Maiorum”. Праверкі павінны абмежаваць прыток нелегальных імігрантаў.
У гэтым часе памежныя пераходы, аўтобусныя прыпынкі і чыгуначныя станцыі ў 26 краінах знаходзяцца пад асаблівым наглядам тысяч паліцыянтаў. Праверкі павінны абмежаваць прыток нелегальных імігрантаў у сяброўскія краіны, а таксама спрычыніцца да распрацоўкі арганізаваных злачынных груп, якія займаюцца гандлем людзьмі.
Мігранты, якія не маюць адпаведных дакументаў, могуць быць дэпартаваныя на радзіму або арыштаваныя.
Каардынацыяй акцыі займаецца італьянскае Міністэрства ўнутраных спраў пры супрацы з „Frontex”, то бок еўрасаюзаўскім агенцтвам, якое адказвае за супрацоўніцтва на знешніх межах супольнасці.
Аперацыя будзе працягвацца да 26 кастрычніка. Вынікі будуць абмяркоўвацца дзяржавамі-сябрамі ў першай палове снежня.
Паводле агульных ацэнак, на тэрыторыі Еўрасаюзу знаходзіцца ад 150 да 450 тысяч нелегальных імігрантаў. Многія з іх — гэта бежанцы з краін, ахопленых узброенымі канфліктамі.