Карціну, якую прадаваў адвакат Зікрацкі, каб разлічыцца з супрацоўнікамі, набылі за некалькі гадзін
Карціна будзе перададзена ў музей.
Нядаўна Мінюст пазбавіў ліцэнзіі вядомага беларускага адваката Сяргея Зікрацкага. Юрыст быў вымушаны спыніць адвакацкую дзейнасць і звольніць сваіх супрацоўнікаў. Але ён паабяцаў выплаціць ім кампенсацыю. Каб знайсці для гэтага грошы, Зікрацкі выставіў на аўкцыён карціну, якую яму падаравала мастачка Вольга Якубоўская.
Юрыст ладзіў аўкцыён на персанальнай старонцы ў фэйсбуку. Усяго за некалькі гадзін карціну набылі за тую суму, якая была патрэбная для кампенсацыі. Сяргей Зікрацкі вырашыў спыніцца на такой суме, хаця людзі прапаноўвалі нават удвая больш. «Карціна прададзеная Віктару Сініцкаму за 3000 руб. Гэта роўна тая сума, якую мне не хапала для выплаты кампенсацыі», — напісаў у каментарах Зікрацкі. Новы ўладальнік карціны паабяцаў яе належна захоўваць і перадаць у музей.