Пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Зікрацкі выставіў на аўкцыён карціну, каб заплаціць звольненым супрацоўнікам

Нядаўна Мінюст пазбавіў ліцэнзіі вядомага беларускага адваката Сяргея Зікрацкага. Юрыст быў вымушаны спыніць адвакацкую дзейнасць і звольніць сваіх супрацоўнікаў. Але ён паабяцаў выплаціць ім кампенсацыю. Каб знайсці для гэтага грошы, Зікрацкі выставіў на аўкцыён карціну, якую яму падаравала мастачка Вольга Якубоўская. Аўкцыён праходзіць на старонцы юрыста ў Фэйсбуку.

Карціна «Вартавы закона», фота з Фэйсбука Сяргея Зікрацкага

Карціна «Вартавы закона», фота з Фэйсбука Сяргея Зікрацкага

Сёлета мастачка Вольга Якубоўская напісала карціну «Вартавы закона» і падарыла яе Сяргею Зікрацкаму.
Напачатку юрыст думаў аддаць яе ў Музей адвакатуры Новай Беларусі. Але потым вырашыў яе прадаць. 
«Уся мая актыўнасць апошнія 2 тыдні заключаецца ў тым, каб годна завяршыць сваю адвакацкую дзейнасць. Завяршэнне пачатых праектаў, сустрэчы з кліентамі, сустрэчы з адвакатамі, якім перадаю кліентаў, пошук працы для звольненых супрацоўнікаў...
Па законе мае супрацоўнікі мелі права на кампенсацыю ў памеры двухмесячнага акладу ў сувязі са звальненнем праз спыненне маёй дзейнасці. Для мяне гэта зусім не маленькія грошы. У мяне не было магчымасці за адзін раз заплаціць двухмесячную зарплату 3-м звольненым супрацоўнікам. Супрацоўнікі пайшлі насустрач — і напісалі заявы аб звальненні па дамове бакоў.
З аднаго боку, па законе я магу ўжо не плаціць кампенсацыю супрацоўнікам. З іншага боку, акрамя норм права ёсць яшчэ і нормы маралі, а таксама добрыя адносіны з ужо былымі супрацоўнікамі. Я паабяцаў супрацоўнікам, што яны атрымаюць кампенсацыю, як толькі ў мяне з'явіцца такая магчымасць.
Частка грошай на кампенсацыю супрацоўнікам у мяне ўжо ёсць. Але далёка не ўся.
Менавіта таму я і вырашыў выставіць карціну на аўкцыён. Усе атрыманыя ад продажу карціны грошы адправяцца маім былым супрацоўнікам, якія да апошняга працавалі са мной і дапамагалі абараняць грамадзян», — патлумачыў Сяргей Зікрацкі.
Аўкцыён завершыцца ў 23 гадзіны 13 красавіка 2021 года, альбо раней, калі будзе стаўка, якая закрые ўсю суму, якую трэба сабраць юрысту.