Каталікі сёння святкуюць Трох Каралёў
6 студзеня Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, вядомую таксама як Тры Каралі. Евангелле паводле Мацвея апавядае аб магах або мудрацах з Усходу, якія, ідучы за зоркай, прыбылі ў Ерузалем і Бэтлеем, шукаючы нованароджанага юдэйскага караля.
Увайшоўшы ў стайню, яны ўбачылі Дзіця і Яго Маці, упалі на твар і аддалі Яму пашану. Мудрацы склалі Езусу свае дары – золата, кадзіла і міра.
Аб’яўленне, якое на грэчаскай мове называецца «Эпіфанія», азначае з’яўленне Бога ў чалавечай постаці. Паклон магаў-мудрацоў, якіх да Езуса прывяла зорка,
сведчыць аб тым, што ўвесь сусвет быў узрушаны Нараджэннем Пана.
З урачыстасцю Аб’яўлення Пана звязаны звычай асвячэння золата, крэйды, кадзіла і вады. Асвечанай крэйдай на дзвярах памяшкання пішуцца літары К+М+В і актуальны год. Гэтыя літары
азначаюць ініцыялы трох каралёў: Каспар, Мельхіёр і Бальтазар.
У мастацтве кароль Каспар прадстаўлены часцей як афрыканец, які ахвяруе міра, Мельхіёр — як еўрапеец, што дарыць нованароджанаму Пану золата, а Бальтазар — як азіяцкі кароль,
які прыносіць кадзіла.
catholic.by