Касінераў патрабуе ад АНТ і МУС кампенсацыі маральнай шкоды за хлуслівыя звесткі
Вячаслаў Касінераў звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна г. Мінска з позвай аб абароне годнасці і кампенсацыі маральнай шкоды. Адказчыкамі заяўленыя «Агульнанацыянальнае тэлебачанне» і вядучая яго тэлепраграммы «Нашыя навіны» Кацярына Тышкевіч, Міністэрства ўнутранных спраў і начальнік мінскай міліцыі Аляксандр Барсукоў.
Нагодай для накіравання заявы ў суд стаў відэасюжэт «Хуліган-анархіст, які апаганіў скульптуру гарадавога ў Мінску, застанецца ў СІЗА да рашэння суда», у якім, як лічыць Вячаслаў Касінераў, вядзецца гаворка пра яго. Бо менавіта ён накінуў на шыю паліцэйскаму-гарадавому пятлю, знаходзіўся ў СІЗА падчас выхаду праграмы і быў прызнаны палітычным зняволеным шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый.
У тэлесюжэце сітуацыю каментаваў начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Барсукоў, які між іншым адзначыў:
«Гэта просты хуліган, на якім кляйма няма дзе ставіць, па вялікім рахунку. І некаторыя, так званыя, праваабарончыя арганізацыі спрабуюць з яго зрабіць нейкую ахвяру. Якая ахвяра?! Тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства, тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і за псаванне маёмасці. Ну, гэта ўжо неяк характарызуе, напэўна, вышэйпаказанага грамадзяніна».
Вячаслаў Касінераў лічыць, што сказанае Барсуковым А. не адпавядае рэчаіснасці, бо ў момант выхаду тэлеперадачы ён толькі аднойчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці па прысудзе суда Фрунзенскага раёна г. Мінска ад 29 студзеня 2016 года па арт. 341 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Апаганьваньне будынкаў і псаванне маёмасці»).
«На момант абвяшчэння адказчыкам Барсуковым А.П. звестак аб тым, што я «тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства, тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і за псаванне маёмасці», я знаходзіўся ў статусе абвінавачанага па крымінальнай справе аб хуліганстве.
У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства і падвергнуты крымінальнай адказнасці інакш як па выраку суда і ў адпаведнасці з законам. Такім чынам, адказчыкам Барсуковым А.П. быў парушаны важнейшы прынцып крымінальнага закона - прэзумпцыя невінаватасці», — адзначае заяўнік у позве.
Вячаслаў Касінераў падкрэслівае, што выказванні тэлевядучай Кацярыны Тышкевіч і начальніка ГУУС, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, былі зробленыя публічна ў эфіры Другога нацыянальнага тэлеканала, чым нанеслі яму маральныя пакуты, якія выявіліся ў пачуцці глыбокай абразы і прыніжэння, а таксама дыскрэдытацыі ў вачах грамадства яго імя.
«Заведама хлуслівая і ачарняючая мяне інфармацыя была распаўсюджана публічна ў эфіры аднаго з найбуйнейшых тэлеканалаў Рэспублікі Беларусь і зганьбавала маё імя і рэпутацыю ў вачах маіх родных, сяброў і грамадзянскай супольнасці», — адзначае заяўнік.
Ён просіць суд Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаць звесткі, што былі распаўсюджаныя ў тэлесюжэце, не адпавядаючымі рэчаіснасці, абавязаць адказчыкаў – АНТ, МУС, Кацярыну Тышкевіч і Аляксандра Барсукова – выдаліць звесткі пра тое, што заяўнік «тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства, тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і за псаванне маёмасці», а таксама абвергнуць іх шляхам абвяшчэння ў праграме “Нашы навіны” на канале АНТ. Акрамя таго, спагнаць на карысць Вячаслава Касінерава з адказчыкаў 3 000 беларускіх рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.
Нагадаем, Вячаславу Касінераву было прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за праведзены ім 12 сакавіка 2017 г. каля будынку МУС перформанс, падчас якога ён накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцэйскага-гарадавога, выказаўшы такім чынам свой пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Суд Маскоўскага раёна пакараў актывіста штрафам у пяць базавых велічынь.
Паводле spring96.org