Каталікі Беларусі аб’явілі чысты пост ў падтрымку Папы Бенедыкта XVI

Пра гэта НЧ паведаміў пробашч мінскай рымска-каталіцкай парафіі святых Сымона і Алены, ксёндз-дэкан, магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук Уладыслаў Завальнюк.



1256557305854248.jpg

Паводле ягоных слоў, каля шасці тысяч вернікаў парафіі ўзялі на сябе духоўны абавязак на працягу ўсяго 40-дзённага Вялікага посту кожную сераду, пятніцу і суботу трываць толькі на хлебе і вадзе.

У звароце да пантыфіка адзначаецца, што з вуснаў паважанага арцыбіскупа мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча вернікі пачулі пра рашэнне і мужны крок святога айца, які здзівіў не толькі вернікаў хрысціян, але і ўвесь свет.

“Ваш голас цяпер штодзённа прыгадваецца ў памяці сумленных людзей. Вернікі парафіі святых Сымона і Алены ў Мінску адразу распачалі яшчэ больш маліцца ў Вашай, святы ойча, інтэнцыі. Усе аднадушна пастанавілі ахвяраваць на працягу ўсяго Вялікага посту свой многадзённы пост цярпення і малітвы за Вас, наш святы ойча. Адзначым, што кожны год у Вялікім посце ў нашай парафіі ад пяці да шасці тысяч чалавек выконваюць строгі пост на хлебе і вадзе кожную сераду, пятніцу і суботу. Гэтым усім вернікам, якія бяруць на сябе такі святы абавязак, мітрапаліт Тадэвуш удзяляе асаблівае благаславенства. Прыміце, калі ласка, ад вернікаў Беларусі такі духоўны дар малітоўнай і ахвярнай памяці, разумення, салідарнасці і вернасці сталіцы апостала Пятра ў Вашым абліччы”, — гаворыцца ў звароце, каторы ад імя вернікаў парафіі подпісаў Уладыслаў Завальнюк.

У постскрыптуме да звароту ксёндз Уладыслаў запрасіў і заахвоціў вернікаў усяго свету на ўсіх кантынентах да салідарнасці ў сумесным захаванні Вялікага посту ў гэтыя дні, або ў адзін з гэтых дзён у інтэнцыі папы Бенедыкта XVI і ўсяго ўсяленскага касцёлу маліцца аб шчаслівай будучыні ўсяго чалавецтва.