Казначэеў: Далучыць да праймерыз шырокае кола грамадства пакуль не атрымалася
Дэмакратычная кааліцыя пачала праймерыз — галасаванне па вылучэнні адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары. Нагадаем, што ў гэтай працэдуры ўдзельнічаюць кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Казлоў, старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова і Павел Севярынец.

Публіцыст, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Вадзім Казначэеў распавёў у эфіры Радыё Рацыя:
— Я спадзяюся, што будзе нейкая цікавасць у людзей да праймерыз. І яны будуць браць у ім удзел. Толькі застаецца, што на гэта спадзявацца. А тое, што галасаванне праходзіць, гэта добра. Бо такога ніколі не было раней. І ўжо пра гэтую кампанію пачалі актыўна гаварыць, абмяркоўваць яе, нават пакуль яна яшчэ не пачалася. Цікавасць, безумоўна, не на тым роўні, як хацелася б. Але ўсё ж яна ўзрастае. І гэта само па сабе добра, бо мэта кіроўнага рэжыму — гэта апалітычнасць, апатыя, гатоўнасць прыняць тую сітуацыю, якая ёсць, і закансерваваць яе наколькі магчыма. А задача апазіцыі, на маю думку, якраз абуджаць гэтую цікаўнасць да палітычных падзеяў.
— Не чакаеце “сюрпрызаў” ад уладаў? Яны могуць правесці выбары нашмат хутчэй, чым як бы зараз плануецца напрыканцы жніўня. Ужо з’явіліся звесткі, што могуць правесці нават у чэрвені.
— Я б не назваў гэта звесткамі, гэта хутчэй чуткі. Хутка
даведаемся, я думаю. Не думаю, што ў іх ёсць такая пільная патрэба. Бо
Лукашэнку ж таксама трэба праводзіць нейкую сваю кампанію. У сэнсе нават не
тое, што перамога на выбарах. Бо выбараў, я падкрэсліваю, у Беларусі няма.
Ясна, што намалююць патрэбны вынік. А ў плане таго, што трэба даказваць людзям,
што ён лепшы. І на гэта будзе скіравана прапагандысцкая машына. Пакуль я гэтага
не бачу. Прапаганда працуе ў звычайным рэжыме. Але гэта будзе рабіцца, у мяне
няма сумненняў.