Кіраўніцтва «Мінскай фармацыі» аказвае ціск на супрацоўнікаў, якія падпісалі зварот супраць гвалту

28 жніўня начальніца аддзела кадраў правяла
гутарку з работнікамі аптэчнага склада РУП "Мінская фармацыя" наконт
падпісанага імі звароту, — паведамляе "Вясна"

У "Звароце фармацэўтычных работнікаў і работніц, супрацоўнікаў і супрацоўніц фармацэўтычных прадпрыемстваў" падпісанты заяўляюць аб сваёй нязгодзе з вынікамі выбараў, абмежаванні з доступам у Інтэрнэт, публікацыяй недакладных навінаў, а таксама выступаюць супраць гвалту з боку сілавых структур у дачыненні да мірных грамадзянаў. Падпісанты таксама патрабуюць вызваліць усіх затрыманых і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Подпісы пад зваротам збіраліся анлайн і асабіста.

 Пытанні да супрацоўнікаў фармацыі ў начальства паўсталі пасля публікацыі артыкула пра збор подпісаў на TUT.BY, дзе на фота бланку збора подпісаў былі бачныя прозвішчы некаторых супрацоўнікаў.

Для гутаркі запрасілі ўсіх, хто, на думку кіраўніцтва РУП "Мінская фармацыя", удзельнічаў у зборы подпісаў і падпісваў зварот. Сход доўжыўся 45 хвілін. Супрацоўнікам было сказана, што складальніца заявы ўсіх "падставіла", а тыя, хто падпісаўся пад ім, — падставілі сваё начальства як мінімум тым, што не ўзгаднілі з ім падпісанне дадзенага звароту. Таксама, на думку працадаўцы, зварот складзены непісьменна, юрыдычнай сілы не мае, і ў цэлым "гэта" не мае сэнсу — "нічога ўсё роўна не зменіцца".

Як адзначаюць супрацоўнікі і супрацоўніцы, якія прысутнічалі на сходзе, канструктыўнага дыялогу з кіраўніцтвам не атрымалася.

Нагадаем, каля 900 супрацоўнікаў фармацэўтычных прадпрыемстваў і аптэк падпісалі зварот, у якім высунута патрабаванне спыніць выкарыстанне супраць мірных грамадзянаў жорсткія збівання і затрыманні, бязлітасныя катаванні і пераследы. Пра гэта паведамляў TUT.BY.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: