Кіраўнік Мінздароўя: Сэнсу праводзіць ПЦР-тэставанне няма

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч растлумачыў загад аб дыягнаставанні COVID-19 без ПЦР-тэсту. Беларускія ўрачы атрымалі права ставіць такі дыягназ на падставе клінічных дадзеных і вынікаў рэнтгенаграфіі або КТ. Па словах міністра, гэта не новая практыка, такі парадак ужо даўно звыклы ў выпадку з грыпам.

14330353t1h2273.jpg


«Гэта таксама не новая практыка, але яна ўжо паказала сваю эфектыўнасць. Давайце ўспомнім: наступаў эпідсезон, нашы дактары заўсёды ставілі ВРВІ, ВРЗ. А потым раптам пачалі ўсім ставіць грып. Таму што калі праводзяцца дазорныя даследаванні і мы бачым, што колькасць выяўленых вірусаў грыпу становіцца больш, чым іншых, мы кажам: калегі, наступіў грып. Таму ўсім, хто мае прыкметы інфекцыйнага захворвання, выстаўляецца дыягназ “грып”», — сказаў Піневіч, перадае REFORM.by.

Паводле яго слоў, пацвярджэнне дыягназу тэстам не ўплывае на лячэнне, як у выпадку грыпу, так і каронавіруса.

«Тым больш што гэта ні ў якай меры не ўплывае на алгарытм лячэння. Таму цяпер на амбулаторным этапе практычна ўсе з прыкметамі віруснага захворвання з'яўляюцца носьбітамі новага штаму. Сэнсу праводзіць тэставанне няма. Але калі надыходзіць ускладненне і лекар разумее, што пацыенту трэба стацыянарнае лячэнне, ён абавязкова зробіць тэст», — дадаў ён.

Дзмітрый Піневіч мяркуе, што кавід ужо не знікне, але стане сезонным, таксама будзе патрэбная вакцынацыя. Ён падзякаваў беларусам, якія адгукнуліся на заклікі медыкаў і зрабілі прышчэпку. Паводле яго слоў, у краіне вакцынаваныя ўжо практычна 60% насельніцтва.

Міністр таксама адзначыў, што ў Мінску «амікрон» ужо практычна замясціў дэльта-штам і выцясняе вірусы грыпу, якія цыркулявалі яшчэ два тыдні таму. Па словах Піневіча, узровень шпіталізацыі складае не больш за 30% ад восеньскага піка, пры гэтым 25-30% знаходзяцца ў рэанімацыі. Ён падкрэсліў, што бальніцы гатовыя да росту нагрузкі, як у плане наяўнасці і разгортвання ложкаў, так і забеспячэння медыкаментамі, кіслародам.

Нагадаем, сёння быў зноў пабіты рэкорд сутачнага заражэння каронавірусам — ён склаў больш за тры з паловай тысячы чалавек.