Кіраўнік незалежнага прафсаюза РЭП пакінуў краіну
Перад гэтым старшыня незалежнага прафсаюза РЭП Васіль Завадскі паведаміў калегам пра складанне з сябе кіруючых паўнамоцтваў.
«Савет РЭП атрымаў заяву ад старшыні прафсаюза Васіля Завадскага аб складанні паўнамоцтваў з 19 красавіка, — цытуе naviny.media паведамленне прафсаюза РЭП. — Справа ў тым, што кіраўнік прафсаюза пад пагрозай крымінальнага пераследу вымушаны быў выехаць за мяжу. Кіраваць прафсаюзам з-за мяжы ён не бачыць магчымасці, а калі абставіны дазволяць вярнуцца на радзіму — невядома».
Заяву Завадскага Савет РЭП разгледзіць 22 траўня. Да пасяджэння Савета абавязкі старшыні будзе выконваць першы намеснік Васіль Бераснеў. «А там Савет вырашыць, што рабіць далей», — заявіў часовы кіраўнік прафсаюза.
Раней Прэзідыум прафсаюза вырашыў правесці пасяджэнне Савета 24 красавіка, аднак з-за заявы Завадскага і неабходнасці завяршыць зверку членаў прафсаюза сустрэчу адклалі на месяц.
16 лютага ў цэнтральным офісе незалежнага прафсаюза РЭП у Мінску прайшоў пяцігадзінны ператрус. Завадскі пасля ператрусу паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што з офіса забралі тэлефоны, ноўтбукі, друкаваныя матэрыялы, асабістыя грошы.
«Непрыемным сюрпрызам аказалася “знаходка” патрона для паляўнічай стрэльбы ў канапе на кухні — напісаў прафсаюзны лідар. — Хто бываў у нашым офісе, ведае, колькі людзей там пабывала, але, вядома, патрон у канапе — гэта дакладна правакацыя».
Ён расцаніў дзеянні сілавікоў як «чарговую спробу задушыць» незалежны прафсаюз РЭП.
Неўзабаве пасля гэтага Завадскі пакінуў краіну.