Кіраўнік СБУ мяркуе, што зніклага ў Беларусі ўкраінца ўтрымлівае ФСБ

Кіраўнік СБУ Васіль Грыцак мяркуе, што зніклага ў Беларусі 19-гадовага ўкраінца Паўла Грыба ўтрымлівае Федэральная служба бяспекі (ФСБ) Расіі. Пра гэта ён сказаў на брыфінгу, які трансляваўся на тэлеканале "112 Украіна".

Ілюстрацыйнае фота,yandex.ru

Ілюстрацыйнае фота,yandex.ru


"На жаль, нам не вельмі шмат вядома пра гэтую гісторыю. Нам вядома толькі тое, што беларускія памежнікі пацвердзілі заезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь Паўла, і тое, што адтуль ён не выязджаў", — прыводзіць словы Грыцака агенцтва УНІАН.
"Мы толькі можам здагадвацца, і мы цяпер ловім фрагментарную інфармацыю з нагоды таго, дзе ён можа знаходзіцца, але і вы, і мы разумеем, што, хутчэй за ўсё, ён у руках ФСБ у Расійскай Федэрацыі", — сказаў Грыцак.
Як паведамлялася раней, 28 жніўня член грамадскага савета Дзяржпагранслужбы Украіны Ігар Грыб заявіў аб знікненні яго 19-гадовага сына Паўла Грыба. Ён паведаміў, што 24 жніўня сын паехаў у Гомель на сустрэчу з дзяўчынай, з якой пазнаёміўся і меў зносіны толькі ў сацыяльных сетках. Дзяўчына, паводле слоў сына, павінна была прыехаць на сустрэчу з Расіі.
Павел Грыб мусіў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, бацька паехаў на пошукі ў Гомель, дзе высветліў, што яго сын знаходзіцца ў вышуку на падставе арт. 205 Крымінальнага кодэкса РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку з'яўляецца ФСБ РФ па Краснадарскім краі (горад Сочы).
Шэраг СМІ паведамілі, што Паўла Грыба перахапілі ў Беларусі і могуць утрымліваць у Краснадары, у мясцовым аддзяленні ФСБ РФ.
30 жніўня намеснік кіраўніка МЗС Украіны Алена Зеркаль заявіла, што ў Беларусі не супрацоўнічаюць належным чынам у сітуацыі са зніклым ўкраінцам. Паводле яе слоў, Беларусь на словах паводзіць сябе як партнёр, а на справе дзейнічае зусім інакш.
31 жніўня ў МЗС Беларусі быў выкліканы саветнік-пасланец пасольства Украіны Валерый Джыгун, якому даведзеная "непрымальнасць выказванняў і бесперспектыўнасць пагроз", што прагучалі з вуснаў Алены Зеркаль. У каментары прэс-сакратара беларускага МЗС Дзмітрыя Мірончыка адзначаецца, што недарэчна, карыстаючыся справай Паўла Грыба як падставай, публічна пагражаць Беларусі.
Што да справы Грыба, адзначыў Мірончык, то ўся сабраная беларускімі праваахоўнымі органамі інфармацыя "абагульняецца і рыхтуецца для перадачы ўкраінскаму боку". "Людзі, на жаль, знікаюць з-за самых розных прычын — і па ўласнай волі ці глупстве, і ў выніку зламысных дзеянняў трэціх сіл, — сказаў Мірончык. — Калі за 19-гадовым маладым чалавекам не ўсачылі яго бацькі і ўлады ўласнай краіны, то гэта яшчэ не падстава валіць з хворай галавы на здаровую. Зусім не па-партнёрску праз суткі пасля афіцыйнай просьбы аб дапамозе вінаваціць у чым-небудзь краіну, якая без яе ведама была выбраная месцам або рамантычнага спаткання, або канспіратыўнай сустрэчы".

belapan.com