Кіраўніка БАЖ выклікаюць на допыт па крымінальнай справе аб шкодзе нацыянальнай бяспецы
Андрэй Бастунец заўтра мусіць быць у следчага.

Фота «БАЖ»
Цэнтральны апарат Следчага камітэта Беларусі выклікаў на
допыт 16 снежня старшыню ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэя Бастунца.
Андрэя Бастунца выклікаюць на допыт а 10:00 раніцы ў якасці
сведкі па крымінальнай справе, заведзенай паводле артыкула 361 Крымінальнага
кодэкса (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай
бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Пра гэта кіраўніку БАЖ па тэлефоне паведаміў следчы. З чым
можа быць звязаны выклік, Андрэй Бастунец не ведае.
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» — добраахвотнае,
недзяржаўнае, непартыйнае аб'яднанне грамадзян, якія займаюцца прафесійнай
журналісцкай дзейнасцю альбо садзейнічаюць яе развіццю. Апошнія месяцы ў межах статутнай
дзейнасці Беларуская асацыяцыя журналістаў дапамагае сябрам арганізацыі, чые
правы масава парушаюцца.